Адміністрацыя ЗША не выказвала безагаворачнай падтрымкі планам Беларусі па будаўніцтве АЭС,

заявіла памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях кантролю над узбраеннямі Роўз Гетэмюлер на сустрэчы з літоўскімі парламентарыямі 9 лютага ў Вільні.

Памочнік дзяржсакратара сустрэлася ў сейме з членамі камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны і камітэта замежных спраў. Сустрэча была прысвечана дагавору аб СНУ паміж ЗША і Расіяй.

Як паведаміў старшыня камісіі сейма па ядзернай энергетыцы Рокас Жылінскас, у адказ на пытанне, чаму адміністрацыя ЗША выказала сваю падтрымку праекту беларускай АЭС, які рэалізуецца з парушэннем міжнароднага заканадаўства і ва ўмовах недэмакратычнага прыняцця рашэнняў, памочнік дзяржсакратара ЗША заявіла, што прэзідэнт ЗША Барак Абама

падтрымаў развіццё мірнай ядзернай энергетыкі ў цэлым, маючы на ўвазе праекты, якія выконваюцца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі МАГАТЭ.

Жілінскас, паводле яго слоў, нагадаў памочніку дзяржсакратара ЗША аб пазіцыі Літвы ў дачыненні да праекта беларускай АЭС: яго рэалізацыя непразрыстая і ажыццяўляецца насуперак патрабаванням Канвенцыі ЕЭК ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце і міжнароднай канвенцыі МАГАТЭ па ядзернай бяспецы. Гэтыя канвенцыі абавязваюць краіны, якія збіраюцца ўзводзіць ядзерныя аб’екты, праводзіць кансультацыі з суседзямі перад прыняццем адпаведных рашэнняў.

«Пляцоўка для беларускай АЭС абраная без папярэдняга абмеркавання альтэрнатыў і кансультацый з Літвой, і да таго ж за 50 км ад нашай сталіцы Вільні. Такі падыход супярэчыць згаданым міжнародным канвенцыям і разбурае прынцыпы добрасуседства, гэта афіцыйная пазіцыя Літвы па беларускай АЭС», — падкрэсліў Жылінскас.

Аб пазіцыі ЗША па пытанні будаўніцтва ў Беларусі АЭС было заяўлена на сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін 1 снежня 2010 года ў Астане, дзе праходзіў саміт АБСЕ. «ЗША падтрымліваюць гэту дзейнасць, якая ўключае спаборны працэс праектавання і будаўніцтва надзейнай і бяспечнай станцыі, якая дзейнічае ў адпаведнасці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць намаганні Беларусі па найхутчэйшай рэалізацыі гэтага камерцыйнага праекта», — паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі па выніках перамоў Сяргея Мартынава і Хілары Клінтан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?