Усё будзе стабільна да млоснасці
Чарговы курс хіміятэрапіі
Прапісаны меншасцю большасці
Воўчым жахлівым выем.
А ты паскулі ля ваколіцы
Пад гоман савецкіх маршаў
Пад тупат жаўнерскіх ботаў ды конніцы
Па горла ў крыві, з галавою ў фальшы
Але раны неўзабаве зацягнуцца
Не пройдзе нават і месяца
Толькі боль у народавай памяці
Не выпаліць хлуснёй ці Акрэсцінам
Як не выпаліць з сэрца каханую
Не забыць хату старую дзедаву
У Курапатах людзей пахаванні
Апраўданні святымі мэтамі
Усё будзе стабільна да лютасці
Да шаленства ці самагубства
А жыццё з абыякавай хуткасцю
Шчэ дакажа табе тваё глупства
Homo homini кім толькі не прыйдзецца
У краіне пад белымі крыламі
І ваўкамі, і куляй у патыліцы
І адбіткам з вачыма застылымі
Шэрым колерам форма міліцыі
Размалюе на святы краіну
Вальнадумныя надта амбіцыі
Дон Кіхоты дзяржаўнага млыну
Усё будзе стабільна і весела
Праца вызваліць — гэта мы помнім
Ля паганскага вогнішча з песнямі
Для таго, хто раўнейшы за роўных
І хай зараз усё па-ранейшаму
Не бяры гэтых трыццаць, каб потым
Жарт не стаў жыццяпісам тутэйшага —
«Я нарадзіўся за дротам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?