У Баранавічах затрыманы 21-гадовы мясцовы жыхар, які выкраў з чатырох помнікаў на магілах на могілках «Русіна» латунныя лампадкі. Дзве з іх — з помнікаў ваенных лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча, якія загінулі 30 жніўня 2009 года на авіяшоу ў польскім Радаме.

Як паведамілі ў Баранавіцкім РАУС, выкрадзеныя лампадкі былі знойдзены супрацоўнікамі міліцыі 26 студзеня ў баранавіцкага скупшчыка лому каляровых металаў, якому малады чалавек збыў выкрадзенае. Лампадкі канфіскаваны, правяраецца датычнасць затрыманага да яшчэ аднаго аналагічнага крадзяжу на гэтых жа могілках.

Затрыманы малады чалавек не працуе, раней быў судзімы за крадзеж. Ён змешчаны ў ІЧУ. Паводле слоў затрыманага, ён выкраў чатыры латунныя лампадкі за адзін раз з мэтай далейшага продажу, таму што яму былі патрэбны грошы.

Як раней паведамлялася, 24 студзеня ў міліцыю звярнуліся жыхары горада з заявамі аб крадзяжах з помнікаў на магілах іх сваякоў. Баранавіцкім раённым аддзелам унутраных спраў была распачата справа на падставе ч 1. арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж).

Паводле звестак следства, 19 студзеня лампадкі яшчэ былі на магілах лётчыкаў, 23 студзеня ўдава Аляксандра Марфіцкага, калі прыйшла на могілкі, убачыла, што яны зніклі. Усе чатыры абкрадзеныя магілы размешчаны недалёка адна ад адной. Выкрадзеныя лампадкі былі замацаваны на помніках. Кошт адной складае ад 300 да 360 тысяч рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?