Сярод больш чым трох дзясяткаў чалавек, якім выстаўленае абвінавачанне па крымінальнай справе «аб масавых беспарадках» 19 снежня ў беларускай сталіцы, — ураджэнка Кобрына Наталля Радзіна.
Рэдактарку інтэрнэт-рэсурсаwww.charter97.org затрымалі ў ноч пасля падзей непасрэдна ў офісе, і з таго часу яна знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. А ў бацькоўскай хаце журналісткі яе нецярпліва чакаюць і вераць у лепшае.

Маці чытае ліст ад Наталлі з СІЗА КДБ.

Маці чытае ліст ад Наталлі з СІЗА КДБ.

Бацькі Наталлі Радзінай

Бацькі Наталлі Радзінай

Пра тое, дзе ў Кобрыне знаходзіцца вуліца Аляксандра Неўскага, ведае далёка не кожны мясцовы жыхар. Ва ўсялякім выпадку, нават кіроўцу таксі давялося спачатку зазірнуць у карту горада, каб вызначыць, дзе знаходзіцца гэты раён прыватнай забудовы. У такой «непазнавальнасці» кобрынскай ускраіны ёсць свае плюсы: удалечыні ад галоўных транспартных артэрый і паветра чысцейшае, і жыццё ўяўляецца не такім марным. Быць можа, таму, як запэўніваюць бацькі Наталлі Радзінай, іх дачка шукала любую магчымасць, хоць на дзень наведаць сваю малую радзіму.

Па словах мамы, Надзеі Максімаўны, мара стаць журналісткай з’явілася ў Наташы яшчэ ў дзяцінстве. Нават у школе душа больш ляжала да творчых прадметаў, чым да дакладных навук. «Яна расла дапытлівай і вельмі любіла чытаць, — успамінае Надзея Максімаўна. — Бывае, мы гонім дачку спаць, дык Наташа брала ліхтарык і працягвала чытаць пад коўдрай».

Яшчэ ў школьныя гады ў Радзінай з’явіліся публікацыі ў мясцовых газетах (мама Наталлі да гэтага часу памятае памер першага ганарару дачкі), а таленавітую дзяўчыну пачалі запрашаць на сустрэчы «пішучай браціі» ў Брэст. Таму адгаворваць яе ад паступлення на журфак бацькі нават і не спрабавалі: ведаючы настойлівасць і цвёрды характар Наташы, гэта было марнай справай. Так мара зрабілася рэальнасцю, а за час студэнцтва Наталля цалкам увайшла ў журналісцкую стыхію. Надзея Максімаўна часам нават наракае, што дачка цалкам аддае сябе гэтай прафесіі, дзесьці нават у шкоду асабістаму жыццю. Апошнім часам наведваць родных у Кобрыне (акрамя бацькоў тут у яе засталіся старэйшая сястра і малодшы брат) у Наташы атрымлівалася ўжо не так часта, таму кожны прыезд успрымаўся як свята.

Мінулы год стаў сапраўдным выпрабаваннем для Радзінай.
16 сакавіка ў рамках расследавання крымінальнай справы аб паклёпе, распачатай па заяве былога начальніка УКДБ Гомельскай вобласці Івана Каржа, супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным уварваліся ў кватэру, якую яна афіцыйна арандуе ў Мінску і дзе размяшчаўся офіс сайта Хартыі. Тады ў выніку ператрусу супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі 8 кампутараў, прычым, як казала сама Наталля, паводзілі сябе вельмі агрэсіўна і нават ударылі яе па твары.

19 снежня Наталля Радзіна была на сталічнай плошчы Незалежнасці і была збітая падчас жорсткага разгону акцыі. «Спецназаўцы білі па галаве. Калі б мяне не пацягнулі з-пад іх ботаў — сапраўды забілі б. Мабыць, страсенне мозгу, але трэба працаваць», — заявіла яна БелаПАН незадоўга да затрымання. Замест таго, каб пайсці да доктара або дадому, яна паехала ў офіс, адкуль паспела перадаць кароткае паведамленне, калі ля пятай гадзіны раніцы наляцеў спецназ: «Мы ў КДБ усе…»

Па словах мамы журналісткі, якая напярэдадні выбараў прыехала да дачкі ў Мінск, самае страшнае ў першыя дні пасля тых падзей — адсутнасць інфармацыі. «Спачатку перадачы прымалі без прадуктаў: казалі, што іх можна толькі праз тры дні пасля затрымання перадаваць, — расказвае Надзея Максімаўна, ледзь стрымліваючы слёзы. — Потым, 28 снежня, з Наташай сустрэлася адвакат і паведаміла, што ў дачкі ідзе кроў з вушэй. Гэта, відавочна, былі наступствы збіцця на плошчы».

Перад самым Новым годам Наталлі Радзінай было выстаўленае абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, а тэрмін яе ўтрымання пад вартай на час следства падоўжаны на два месяцы. Пасля гэта наступіў нясцерпны перапынак, калі адвакат журналісткі ніяк не мог пабачыцца са сваёй падабароннай, а бацькі Радзінай не знаходзілі сабе месца ад хвалявання за лёс дачкі. Нарэшце 15 студзеня ад Наташы прыйшоў ліст, у якім яна, у прыватнасці, паведамляе: «У мяне ўсё добра, я здаровая. Не перажывайце за мяне, харчаванне дыетычнае, добрае. Настрой таксама добры, дзякуй за перадачы».

Па словах мамы Радзінай, нават такая вестка, у якой з вядомых прычынаў усяго не напішаш, але пра што здагадаешся паміж радкоў, падняла настрой усёй сям’і. Аднак праз некалькі дзён, калі адвакат сустрэлася з Наталляй падчас следчых дзеянняў, Надзея Максімаўна даведалася, што ў дачкі бранхіт, і яна моцна кашляе: «Усе неабходныя лекі мы ёй перадалі, а ў астатнім, нягледзячы на хваробу, па словах адваката, Наташа выглядае бадзёра і трымаецца добра».

Гонару за дачку не хавае і яе тата, Валянцін Дзмітрыевіч, былы вайсковец. У 80-я гады вайсковую службу даводзілася несці ў Польшчы, у часы ваеннага становішча, таму параўнанне з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі напрошваюцца.
Але бацька гоніць кепскія думкі і чакае хутчэйшага вяртання дачкі. «Разумею, як цяжка цяпер Наташы, але я ёю сапраўды ганаруся, — кажа Валянцін Дзмітрыевіч. — Сіла духу ў яе ёсць, таму і трымаецца ўпэўнена».
Па словах бацькоў Радзінай, людзі ў Кобрыне па-рознаму ставяцца да таго, што адбылося.
Тыя, хто добра ведаў іх дачку ці проста ў курсе рэальных падзей на плошчы, падтрымліваюць сям’ю журналісткі. Наведвалі і выказвалі салідарнасць мясцовыя прадстаўнікі апазіцыйных партый і калегі Наташы з берасцейскага аддзялення БАЖ. Нехта проста баіцца выказацца на гэтую тэму, але ў «змоўніцкія» намеры журналісткі не верыць ніхто. Як кажуць у такіх выпадках, час усё расставіць па сваіх месцах, а пакуль тату з мамай вельмі хочацца, каб дачка была побач: Надзея Максімаўна ўжо загадала, якія любімыя Наташыны стравы будуць за сямейным сталом у дзень яе вяртання. І гэты час абавязкова хутка надыдзе, праўда?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?