Сумная вестка прыйшла ўчора з Францыі: пасля цяжкай хваробы памёр вядомы беларускі баскетбаліст, чэмпіён Еўропы сярод моладзі 1994 года Аляксандр Радзівонаў.

8 студзеня яму споўнілася ўсяго 39, здавалася б, жыць ды жыць. Але бязлітасны рак зрабіў сваю чорную справу — не дапамаглі ні аперацыя, ні працяглае лячэнне.

Саша — карэнны магілёвец, асновы баскетбола вывучаў пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Аляксандра Гуляева. Талент абаронцы, які адрозніваўся атлетычнасцю і добра пастаўленым далёкім кідком, быў запатрабаваны ў лепшым клубе рэспублікі — мінскім РТІ. У яго шэрагах ён правёў тры суверэнныя першынствы, двойчы станавіўся чэмпіёнам. А ў 1995-м, як і многія яго таварышы па залатой «маладзёжцы», адправіўся па легіянерскі хлеб. Гуляў у Польшчы, дзе быў запатрабаваны, з задавальненнем адгукаўся на заклікі ў нацыянальную зборную. Пазней лёс закінуў яго ў Францыю, куды пераехала гуляць яго жонка, былая баскетбалістка «Гарызонта» Іна Смірнова.

Там спартыўная сям’я і атабарылася. Пасля заканчэння гульнявой кар’еры Аляксандр перайшоў на трэнерскую працу. Апошні раз на пляцоўцы беларускія аматары баскетбола маглі бачыць яго ў матчы, прысвечаным 10-годдзю самой гучнай перамогі беларускага мужчынскага баскетбола. Гуляў пад фартовым для сябе 13-м нумарам, як заўсёды выпраменьваў аптымізм, стараўся даставіць гледачам радасць нестандартнымі хадамі. Ён быў вясёлым, сонечным чалавекам. Вечная памяць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?