Дацэнта кафедры фізвыхавання, заслужанага трэнера Беларусі, старшыню федэрацыі каратэ-шотакан Андрэя Вількіна звольнілі з БНТУ за ўдзел у маніфестацыі апазіцыі 19 снежня ў Мінску.

Адміністрацыя БНТУ вымусіла Андрэя Якаўлевіча напісаць заяву аб звальненні «па згодзе бакоў».

Андрэй Вількін быў арыштаваны 19 снежня і адседзеў 15 сутак у СІЗА Жодзіна. Там жа ён адсвяткаваў свой дзень нараджэння 31 снежня. Ягоная жонка, шматразовая чэмпіёнка свету па каратэ-шотакан, Святлана Вількіна таксама была арыштаваная і адседзела ў турме на Акрэсціна суткі. Затрыманы быў і іх 25-гадовы сын.

Муж і жонка ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускага спорту. Як і большасць тых, хто прыйшоў 19 снежня на Плошчу, апазіцыйнай дзейнасцю не займаліся, а хацелі выказаць грамадзянскую пазіцыю.

Вількіну не дапамагло тое, што жонка пасля выхаду з турмы і асуджэння да штрафу апублікавала ў «Советской Белоруссіі» прыніжаную заяву: маўляў, мы не ўдзельнічалі ў дэманстрацыі, а проста пабачылі сына і далучыліся да яго.

Такая яна, рэальнасць дыктатуры.

Можна быць пэўным, што Вількін без працы не застанецца. Яго возьме кожная прыватная школа каратэ. І пасля непазбежных нерваў, што суправаджаюць звальненне, ягонае жыццё наладзіцца на новых рэйках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?