18 студзеня адбыўся сход бацькоў гімназіі, у якой навучаецца Леся Стэфанія Міхалевіч — старэйшая дачка Алеся Міхалевіча.
Бацькі адзінагалосна вырашылі скіраваць хадайніцтва пра змену меры стрымання да былога кандыдата ў прэзідэнты. Адпаведныя лісты скіраваны ў пракуратуру і міліцыю.
Бацькі аднакласнікаў Лесі Міхалевіч таксама заявілі ў звароце пра сваю гатоўнасць выступіць асабістымі паручальнікамі Аляксея Міхалевіча. Гэтая працэдура магчымая толькі з дазволу самога Міхалевіча, таму бацькі просяць забяспечыць да яго доступ адваката, каб той мог дазнацца наконт паручальніцтва.
Свой подпіс пад хадайніцтвам паставілі мамы і таты з розных класаў гімназіі.
Настаўнікі навучальнай установы да ініцыятывы не мелі дачынення. Бацькі вырашылі не падстаўляць іх пад удар.