Лекцыя прафесара біялагічнага факультэта МДУ пра акулаў, якія ўчыняюць напады на турыстаў у Чырвоным моры.

Акулы — гэта старажытная даволі разнастайная група рыбаў. Цяпер у свеце каля 400 відаў розных акулаў. Частка з іх сустракаецца ў Чырвоным моры, дзе адбыліся трагічныя падзеі, пра якія цяпер так шмат кажуць.

Даўгакрылая акула, якая напала на людзей, — гэта звычайны жыхар Чырвонага мора, але жыве яна не толькі ў ім. Фактычна яна насяляе ўсю трапічную і нават субтрапічную частку сусветнага акіяну. Гэта значыць, і Індыйскі акіян, і Атлантычны, і Ціхі.

Звычайна яна трымаецца далёка ад берагоў. Гэта такі від, які рэдка выходзіць на плыткаводдзе і падыходзіць да берагоў, яна трымаецца менавіта на акіянскім прасторы. Там яе сапраўды даволі шмат. Для яе характэрна тое, што яна падплывае да караблёў, часта нават суправаджае самыя розныя караблі. Трымаецца яна побач з імі, таму што любіць харчавацца ўсялякімі адкідамі, якія трапляюць у мора.

Даўжыня даўгакрылых акулаў можа дасягаць 4 метраў. Як і большасць акулаў такога памеру, яна драпежнік. Збольшага сілкуецца рыбай, у тым ліку і драбнейшымі акуламі.

Існуе некалькі прычын, з якіх акулы могуць нападаць на чалавека.
Першая, і, на мой погляд, асноўная можа быць звязаная з паводзінамі акулаў, дакладней, з іх харчовымі паводзінамі. Як і ўсе іншыя жывёлы, акулы павінныя спажываць ежу. Калі яе не хапае, яны, як і ўсе астатнія рыбы, пачынаюць шукаць любыя іншыя больш-менш прыдатныя аб’екты харчавання. Робяцца больш актыўнымі, заплываюць у месцы, дзе раней іх не назіралі. Магчыма, менавіта недахоп харчавання і прывёў да гэтых трагічных падзей. Даўгакрылая акула выйшла на плыткаводдзе, туды, дзе плаваюць людзі, і напала на іх.
Зрэшты, магчыма, не ўсё так проста. Справа ў тым, што павінны быць і нейкія канкрэтныя стымулы, якія прымусілі акулу прыйсці менавіта ў гэтае месца.
І ў дадзеным выпадку вінаватым можа быць і сам чалавек. Таму што выбар канкрэтнага ўчастка, дзе акула спрабуе знайсці ежу, вызначаецца той інфармацыяй, якую акула атрымлівае праз свае органы пачуццяў, праз свае сэнсарныя сістэмы. У іх вельмі добра развіты нюх. І калі дайверы або проста ахвотныя паназіраць за іхтыяфаўнай дадзенага раёна пачынаюць выкарыстоўваць рознага кшталту прыкормкі, каб бліжэй іх разгледзець, гэта прыводзіць да таго, што ў гэтым месцы збіраецца розная дробная рыба. Адначасова з гэтым у вадзе ствараецца вялікае поле паху. Яно можа распаўсюджвацца і дасягнуць тых аддаленых зон, дзе знаходзіцца акула. А зона распаўсюджання можа быць вельмі вялікай, бо ў акулаў вельмі высокая адчувальнасць да пахаў і, атрымаўшы такую інфармацыю, акулы ідуць да гэтай крыніцы. У іх надзіва высокая здольнасць вызначаць і лакалізоўваць крыніцу паху. Яны могуць ісці па пахавым следзе так, як ідуць сабакі або іншыя наземныя жывёлы. І вось падкормка рыбаў магла прывесці да таго, што прыйшлі акулы.

Існуе і іншая прычына, якая таксама магла б прывесці да таго, што акулы прыйшлі менавіта ў гэтае месца. Справа ў тым, што ў акулаў вельмі хутка фармуюцца ўмоўныя рэфлексы, у тым ліку і на месца. І калі ў ім пастаянна падкормліваюць рыбу і яна там збіраецца, акулы гэтак жа, як і іншыя рыбы, могуць запамінаць гэтае месца і трымацца каля яго, вызначаючы момант кармлення альбо па з’яўленні харчовых пахаў, альбо па шуме.

Зрэшты, прычынай нападаў можа стаць не толькі пачуццё голаду. Але гэта не ў сувязі з выпадкамі ў Чырвоным моры, а назіранне наогул. У многіх акулаў ёсць пэўнае пачуццё ўласнай прасторы або ўласнай тэрыторыі, многія акулы не любяць, калі да іх набліжаюцца. Гэта характэрна для драпежніцаў, якія жывуць не толькі на каралавых рыфах, але і проста трымаецца ў тоўшчы марской вады. І калі падводнікі парушаюць умоўную мяжу ўласнай тэрыторыі акулы, яна пачынае выяўляць незадаволенасць, з яе боку можа ўзнікнуць агрэсіўная рэакцыя.

Аднак калі чалавек усё ж такі сустрэўся з акулай, яму трэба паспрабаваць незаўважна сысці з гэтага месца.
Калі ж гэта не атрымліваецца, неабходна, захоўваючы спакой, як мага менш рухацца ў вадзе, таму што любыя рухі, асабліва хуткія і хаатычныя, абавязкова прыцягваюць акулаў. Калі ж акула падышла занадта блізка і пачынае кружыць вакол чалавека, гэта вельмі дрэнны знак. Гэта знак таго, што яна зацікавілася і хутчэй за ўсё разглядае вас як ежу. І калі няма ніякай магчымасці пакінуць ваду, то не трэба спрабаваць сысці ад яе — гэта немагчыма, таму што акулы — выдатныя плыўцы.
Калі акула пачынае нападаць, трэба пастарацца аказаць ёй любы супраціў. Трэба паспрабаваць стукнуць яе па галаве, пажадана нейкім цвёрдым прадметам, напрыклад, маскай або трубкай ці хаця б кулакамі.
Пажадана стукнуць па носе, па вачах, па жабравых шчылінах. Гэта можа прымусіць драпежніцу адысці.

Справа ў тым, што акулы выкарыстоўваюць своеасаблівую тактыку. Звычайна яны наносяць адзін першы ўдар, укус, і гэта заўсёды даволі сур’ёзнае пашкоджанне. Затым яны могуць чакаць на працягу 5 і нават 10 хвілін. Мэта — дачакацца, калі ахвяра аслабне ад страты крыві і зробіцца больш даступнай. Калі ж ахвяра супраціўляецца, незалежна ад таго, чалавек гэта ці нейкая іншая жывёла, то, як правіла, перастае атакаваць. Калі, вядома, яна не знаходзіцца ў стане наймацнейшага харчовага ўзбуджэння, выкліканага пахам крыві або вялікім пачуццём голаду. Тады спыніць акулу сапраўды вельмі цяжка, ды яна і не будзе так доўга чакаць. Але паспрабаваць супраціўляцца акуле трэба абавязкова. Гэта рэзка павялічвае шанцы на спрыяльны зыход. Ну і, вядома, трэба клікаць на дапамогу. Падаспелыя людзі самі па сабе могуць спудзіць акулу і дапамогуць вам выратавацца. Статыстыка паказвае, што гінуць, як правіла, адзіночныя плыўцы.

Акулы — гэта сур’ёзныя драпежнікі з вельмі магутным апаратам нападу. У іх вельмі магутныя сківіцы, вельмі вострыя зубы, ну і самі іх памеры такія, што раны, якія яны наносяць, заўсёды сур’ёзныя.

І ў заключэнне хачу сказаць, што не трэба панічна баяцца акулаў. Справа ў тым, што акулы нападаюць на чалавека даволі рэдка. Гэтыя падзеі прыцягваюць шмат увагі, але адбываюцца яны не вельмі часта. Сусветная статыстыка паказвае, што ў год афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў нападу акулаў на чалавека не больш за 100. Далёка не ўсе з іх заканчваюцца смяротным зыходам.

З іншага боку, чалавек, укараняючыся ў дзікую прыроду, непазбежна падвяргаецца рызыцы. І тут трэба выконваць пэўныя правілы, сачыць за навакольным асяроддзем. Не плаваць, не купацца ў тропіках уначы, у прыцемках, калі акулы і іншыя драпежнікі найбольш актыўныя. Ну і не заплываць далёка, не плаваць аднаму. Такія элементарныя правілы рэзка зніжаюць верагоднасць рызыкі. Такім чынам, жадаю вам усяго самага добрага, спрыяльнага адпачынку, у тым ліку і на моры.

***

Касумян Аляксандр Аванэсавіч — прафесар біялагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра іхтыялогіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?