Кандыдаты ад апазіцыі запланавалі на 18-ю гадзіну сустрэчу з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы.

Улады ўспалашыліся. Пракуратура ў тэрміновым парадку дала папярэджанні абодвум кандыдатам ад апазіцыі, якія паспелі заклікаць на сустрэчу ў тэлеэфіры. Міліцыя выцягнула як старую норму аб забароне масавых акцый на Кастрычніцкай, так і сёлетнюю пастанову гарвыканкама, якая выключае цэнтральныя плошчы сталіцы з пераліку месцаў, дзе дазволеная выбарчая агітацыя.

Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч, аднак, не адракаюцца ад сваіх планаў.

Па-першае, норма 90-х насіла яўна палітычны характар і мела на мэце збіць хвалю маніфестацый.

Па-другое, у 2006 годзе апазіцыя правяла Плошчу нават у суровых умовах.

Для апазіцыі гэта пытанне прынцыпу: цэнтральная плошча сталіцы павінна быць даступная не толькі для лукашэнкаўцаў — а менавіта ў Палацы Рэспублікі будзе праходзіць прапагандысцкі «Усебеларускі сход», — але і для ўсіх у роўнай ступені.

Браць удзел у мерапрыемстве мае намер большасць апазіцыйных кандыдатаў. Намінальна акцыя «Сыходзь» прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму 1996 года, які паклаў пачатак аўтарытарызму ў нашай краіне.

Амаль усе апазіцыйныя кандыдаты згодныя, што людзей трэба клікаць на Плошчу. Гэтай пазіцыі прытрымліваюцца Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч. Катэгарычна супраць гэтага Алесь Міхалевіч.

Пазіцыя Рыгора Кастусёва, кандыдата ад Партыі БНФ, больш нюансаваная. Ён кліча на Плошчу, але засцерагае, каб Плошчу не была выкарыстаная Масквой для ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі.

Ёсць такія, як лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, якія перакананыя ў тым, што трэба выкарыстоўваць любую магчымасць Плошчы. І не важна, ад каго ідзе імпульс да яе.

А вось лідар Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч больш асцярожны. З аднаго боку ён кажа, што выходзіць на вуліцу, каб патрабаваць выканання закону. «З іншага боку гэта павінны быць унутраныя беларускія сцэнары, а не навязаныя з боку», — на думку Мілінкевіча, магчымасць другога варыянту цалкам рэальная. Іншымі словамі, экс-кандыдат кажа пра немагчымасць падтрымкі Плошчы, што будзе арганізоўваць Масква.

«Аб’яднанне вакол адзінага мабілізуе. Мноства кандыдатаў паніжае пратэставы градус у грамадстве», — мяркуе палітык.

«Шмат якія людзі яшчэ не ўсведамляюць, што фокусы не праходзяць. Што нечага вось такога раптоўнага быць не можа», — кажа А.Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?