24 лістапада афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства вынесена Мікалаю Статкевічу. Днём раней аналагічнае папярэджанне атрымаў Віталь Рымашэўскі.

Абодва палітыкі папярэджаны за тое, што, выступаючы па тэлебачанні ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, заклікалі грамадзян узяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы Мінска вечарам 24 лістапада.

Як паведаміў журналістам начальнік упраўлення па наглядзе за захаваннем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 11 лістапада 2010 года сустрэчы з выбаршчыкамі не могуць праводзіцца на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці, Перамогі і Якуба Коласа, а таксама ў падземных пераходах, на станцыях метро і шэрагу іншых аб’ектаў.

Паводле слоў прадстаўніка Генпракуратуры, акрамя адміністрацыйнай адказнасці Рымашэўскаму і Статкевічу пагражае адказнасць у межах Выбарчага кодэкса.

Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік,

удзел кандыдата ў прэзідэнты ў забароненай акцыі можа пацягнуць два віды санкцый — папярэджанне і адмену рэгістрацыі.

«Усё будзе залежаць ад таго, у што выльецца акцыя. Калі кандыдат спыніцца на этапе закліку да ўдзелу ў акцыі і не стане парушаць выбарчае заканадаўства, то і рэакцыя Цэнтрвыбаркама будзе мяккай. Калі ж ён будзе свядома падштурхоўваць грамадзян да парушэння заканадаўства, то і санкцыі могуць быць прыменены сур’ёзныя», — растлумачыў сакратар ЦВК.

Нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Статкевіч заявілі, што не маюць маральнага права адмовіцца ад удзелу ў акцыі, бо публічна заклікалі выбаршчыкаў прыйсці на сёння вечарам на Кастрычніцкую плошчу.

Аб правядзенні 24 лістапада ў цэнтры Мінска акцыі супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў чарговых прэзідэнцкіх выбарах было аб’яўлена яшчэ ў верасні. Акцыя прымеркавана да канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года, які быў ініцыяваны Лукашэнкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?