Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» гатовая паслаць толькі 600 назіральнікаў на 300 выбарчых участкаў. Усяго ўчасткаў для галасавання ў Беларусі 6500.

Гэта значыць, што назіральнікі змогуць ацаніць толькі тэндэнцыі, але не змогуць ажыццявіць паралельны падлік галасоў.

Зрэшты, паралельны падлік немагчымы і паводле дзейнай выбарчай практыкі. Незалежных назіральнікаў і прадстаўнікоў кандыдатаў не падпускаюць да сталоў, за якімі лічаць бюлетэні.

Саму ідэю паралельнага падліку галасоў старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына яшчэ ў 2001 годзе назвала «шарлатанствам».

Тым не менш, праваабаронцы палічылі патрэбным арганізаваць хоць бы маніторынг выбараў. 16 верасня ініцыятары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвесцілі аб старце сваёй працы. Ініцыятыву прэзентавалі кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і актывісты праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч.

«У нас будуць доўгатэрміновыя назіральнікі, зарэгістраваныя ў абласных і гарадскіх тэрытарыяльных камісіях, якія будуць адсочваць усе этапы выбарчага працэсу, — кажа юрыст Стэфановіч. — І будуць кароткатэрміновыя назіральнікі на ўчастках».

Асаблівую ўвагу гэтым разам хочуць надаць яўцы выбарцаў. Перад назіральнікамі будзе ставіцца задача, каб яны лічылі выбарцаў па галовах.
Іншага спосабу праверыць яўку няма.

Праваабаронцы не звязаныя ні з адным кандыдатам. Сваёй мэтай яны бачаць ацэнку выбарчага працэсу з пункту гледжання яго дэмакратычнасці і празрыстасці — грамадскага інтарэсу.

Немагчымасць прысутнічаць падчас праверкі подпісаў, дакладнага праліку галасоў і перадачы бюлетэняў і пратаколаў з участковых камісій у тэрытарыяльныя робіць выбары, па вялікім рахунку, маштабнай фікцыяй.
Улады, якія фармуюць камісіі, маюць любыя магчымасці для фальшавання вынікаў.

Усё гэта дае падставу для непрызнання выбараў свабоднымі міжнароднымі назіральнікамі АБСЕ. Беларускія ўнутраныя назіральнікі будуць працаваць у кантакце з замежнымі назіральнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?