Гледзячы з якой лёгкасцю Аляксандр Рыгоравіч памяняў дзень свайго нараджэння, я вырашыла зрабіць тое ж. Са сваёй праблемай я звярнулася ў Баранавіцкі ЗАГС.

— А што, начальніка ЗАГСа няма на месцы? — Расчараваная, звярнулася я да дзяжурнага кансультанта.

— Не, а што вы хацелі? Я магу вас пракансультаваць, — дзяўчына была вельмі ветлівая.

— Разумееце, мне начальнік патрэбны. У мяне вельмі далікатная сітуацыя… А з яго намеснікам пагутарыць можна? — Мой тон не пакідаў сумнення ў далікатнасці будучай размовы.

Запрасілі намесніка начальніка Святлану Карповіч, дзяўчына выйшла ў калідор, але я настаяла на прыватнай гутарцы ў яе кабінеце.

— Ведаеце, мы з маім маладым чалавекам сустракаемся ўжо тры гады, вельмі разумеем адзін аднаго, любім і хацелі б аформіць адносіны законна…, — пачынаю я выкладваць выдуманую легенду.

Дзяўчына ківае галавой — такія прамовы ад закаханых работніку ЗАГСа даводзіцца чуць дастаткова часта.

— Гэты дзень шлюбу павінен быць асаблівым, значным для нас абодвух, — гну сваю лінію, але дзяўчына ўсё яшчэ не чакае падвоху. — Мы вырашылі, што трэба прызначыць гэты дзень на асаблівыя для нас дні — нашы дні нараджэння! Але загваздка ў тым, што яны — нашы дні нараджэння — не супадаюць! Было б добра распісацца летам. І ў майго маладога чалавека — дзень нараджэння акурат летам. А ў мяне — у сакавіку. І я — у пралёце! А гэта несправядліва!

Дзяўчына ўжо не разумее, чаго я ад яе хачу і пры чым тут дні нараджэння і дзень вяселля…

— Вось таму я хачу памяняць сваю дату нараджэння! — У мяне скончылася цярпенне і я выкладаю увесь свой арыгінальны і, на мой погляд, вельмі рамантычны план намесніку начальніка.

Паўза.

Погляд дзяўчыны становіцца пільным і падазроным:

— Але гэта незаконна! — Нарэшце выдыхае дзяўчына.

— Гэта значыць, як?! — Кажу хісткім ад крыўды голасам. — Ну, вы разумееце, для мяне гэта вельмі важна! Для нас гэта будзе вельмі асаблівы дзень! Няўжо зусім нічога нельга зрабіць? Ну, калі ласка-а-аа! Я ўпэўненая, што вы проста не хочаце пайсці мне на сустрач! — Здаецца, вялікая актрыса ўва мне памерла не да канца.

— Вы разумееце, гэта незаконна! У кодэксе аб шлюбе і сям’і, якім мы кіруемся, прапісана, што мяняць дату нараджэння нельга! Яе можна памяняць толькі пры ўсынаўленні, або калі была дапушчаная нейкая памылка. Не-не, дата нараджэння проста так не мяняецца, — ці то ўгаворвае, ці то пераконвае мяне Святлана, але па яе вачах відаць усё, што канкрэтна яна пра мяне думае. І як шкадуе, што ў гэты дзень у аддзеле няма псіхолага, які вырашыў бы ўсе «мае спецыфічныя» праблемы з вектарам на крайні рамантызм.

— Можна ж ўвесці нейкую платную паслугу па змене даты нараджэння! У вас жа ёсць платныя паслугі!

— Платныя паслугі ў нас аказваюцца толькі па рэгістрацыі шлюбу…

— І за паслугі фатографа, — падказваю я, і дзяўчына нясьпешна пацвярджае: і на паслугі фатографа таксама.

— Але ж мне трэба змяніць дату нараджэння! Я не магу чакаць! І да таго ж, хіба мне стане менш ці больш гадоў? Мне як было 25, так і застанецца, гэта ж толькі паперка! Проста на паперы дзень нараджэння ў мяне будзе пазней! — Ад крыўды і бессардэчнасці чыноўнікаў пачынаю павізгваць.

— Ну, можа, вы выбераце іншую дату, важную для вас абодвух. Гэта ж незаконна! — Не стамляецца паўтараць дарагая Святлана Васільеўна, каб мне, гістэрычнай кабетцы, нарэшце дайшло.

Але яна яшчэ не ведае пра прэзідэнта!

— Гэта значыць, па заканадаўстве мяняць дату нельга?

— Нельга, — з палёгкай ківае Святлана Васільеўна — ёй здаецца, я не безнадзейная.

— Але я-то ведаю, што можна! Вы хіба не глядзелі навіны? — І, атрымаўшы адмоўны адказ, дабіваю: — А вось прэзідэнт змяніў дату нараджэння! Чаму я не магу?

— Гэтага… проста не можа быць! Гэта не прадугледжана заканадаўствам! — Чаканіць яна і на ўсялякі выпадак дадае: — Але ж мне пра гэта нічога не вядома, і я гэтую сітуацыю каментаваць не буду.

— Гэта значыць, прэзідэнт парушыў заканадаўства?

— Я не буду каментаваць гэта.

І, на ўсялякі выпадак, дадае:

— Можа, я проста не ведаю ўсёй сутнасці пытання.

* * *

Каментар юрыста:

Змяненне прозвішча, уласнага імя і імя па бацьку грамадзяніна знаходзіцца ў рамках прававога поля, г.зн. рэгулюецца нарматыўнымі прававымі актамі, а менавіта Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і і Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.12.2005 № 1454 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.12.2006 № 1682) «Аб парадку арганізацыі работы з грамадзянамі ў органах, рэгіструючых акты грамадзянскага стану, па выдачы даведак або іншых дакументаў, якія змяшчаюць пацвярджэнне фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне».

Пытанне змены даты нараджэння грамадзян знаходзіцца па-за прававым полем.

Іншыя выпадкі ўнясення змяненняў у акты грамадзянскага стану дапускаюцца, але толькі па рашэнні суда, калі ў судовым парадку было ўстаноўлена, што ў запісе акта грамадзянскага стану была дапушчаная памылка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?