Бізнэс паўднёвай суседкі прадстаўлены ў нашай краіне слаба.

Расія, Польшча, Літва… Прадпрымальнікі кожнай з суседніх краін разглядаюць Беларусь не толькі як рынак збыту сваіх тавараў. Гэта яшчэ і патэнцыйнае месца для размяшчэння вытворчасці. Здаецца, так мяркуюць усе суседзі, апроч украінцаў.

Хоць Украіна застаецца чацвёртым партнёрам нашай краіны па аб’ёмах гандлю, за мінулы год колькасць інвестыцый у Беларусь з паўднёвага боку ледзь перавысіла $2 мільёны!

На ўсе шэсць свабодных эканамічных зонаў Беларусі зарэгістравана ўсяго тры сумесныя ўкраінска-беларускія прадпрыемствы. У Мінску — кабельны завод і мэблевы цэх. У Гомелі ж у пачатку года запрацавала вытворчасць меднай катанкі, у якую ўкраінцы гатовыя інвеставаць 4,3 млн еўра.

Сумесны бізнэс ахвотней размяшчаецца на тэрыторыі Украіны. Напрыклад, у 2009 годзе былі зарэгістраваныя чатыры новыя прадпрыемствы — і ніводнае з іх не базуецца ў нашай краіне. Статыстыку забяспечваюць кампаніі накшталт «Белрэсурсаў» і «Белпрадзабеспячэння», якія пашыраюць сферу ўплыву ў паўночнай Украіне. Дарэчы, за іх кошт экспарт беларускіх тавараў нават перавышае імпарт.

Між іншым, кіруючыя пасады ў сумесным праекце з украінцамі зафіксаваныя ў біяграфіі кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У 2002—2004 гг. ён быў дырэктарам магілёўскай кампаніі «Гідрасіла — Белая Русь».

В.а. мільярдэраў

Украінскія алігархі Беларуссю не цікавяцца, і з гэтым фактам можна змірыцца. Данбаскія металісты і сталявары захопленыя іншымі аб’ёмамі прыбытку, чым можна атрымаць з нашых прадпрыемстваў.

Адзінае, што сваю даччыную кампанію мае «Украінская горна-металургічная кампанія», якой валодаюць трое мільярдэраў — Віталь Гайдук, Алег Мкртчан і Сяргей Тарута.

Роля самага актыўнага ўкраінца ў беларускім бізнэсе належыць 37-гадоваму мільянеру Мікалаю Лагуну. Маючы ва ўласнасці каля $90 мільёнаў, у сябе на радзіме ён ледзь-ледзь трапляе ў лік 100 найбагацейшых людзей краіны, а вось у Беларусі валодае шэрагам разнастайных кампаній.

 Мікалай Лагун.

Мікалай Лагун.

У нашу краіну ён прыйшоў у 2007 годзе, калі купіў за $680 тысяч «Атам-банк», які быў на мяжы банкруцтва, і перайменаваў яго ў «Дэльта». У наступным годзе ягоныя інтарэсы перайшлі на страхавы рынак Беларусі. Тады Лагун купіў кампанію «Бенір» — цяпер гэта «Дэльта-страхаванне». Яму ж належаць і харчовыя ўніверсамы з сеткі «Родная старонка» («Родная сторона»), якія пакуль што ахапілі Мінск, Брэст, Гомель, Ліду і Салігорск.

Цігіпка не дайшоў да Беларусі

Цікава, што свой банк у Беларусі хацеў займець яшчэ адзін украінец, Сяргей Цігіпка. Удзельнік прэзідэнцкай гонкі-2010, які заняў трэцяе месца на выбарах, два гады таму падаваў дакументы на стварэнне «Т-Банка», але не давёў справу да канца.

Астатнія ўкраінскія багацеі звязаныя з Беларуссю не наўпрост. Напрыклад, у 2008 годзе чэшскі чыгуначны перавозчык OKD выкупіў за $3,65 мільёна закансерваваную базу Міністэрства абароны Беларусі пад Брэстам. У савецкія часы праз яе прымаліся грузы. З тымі ж мэтамі на яе закінутых пляцоўках створана кампанія «Белтэрмінал». Уся група прадпрыемстваў належыць нідэрландскаму горнаму холдынгу, адным з кіраўнікоў якога з’яўляецца ўкраінскі мільярдэр Канстанцін Жывага.

Перспектывы

Украінская кампанія «ПлазмаТэк» ужо ўклала больш за $600 тысяч у развіццё Светлагорскага завода зварачных электродаў.

У Гомелі плануецца стварыць сумеснае прадпрыемства па выпуску вагонаў павышанай камфортнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?