Зборная Іспаніі ўпершыню ў сваёй гісторыі стала чэмпіёнам свету.

У фінальнай сустрэчы супернікам іспанцаў была каманда Галандыі. І тыя, і другія сусветнае першынства не выйгравалі ні разу. Таму ў Ёханесбургу непазбежна павінен быў стаць вядомы восьмы чэмпіён свету.

Галандцы прайшлі турнір без ніводнага паражэння і нічыёй. Шэсць перамог у шасці матчах. А вось пірынейцы ў першай гульні саступілі швейцарцам. А ў плэф‑оф атрымалі тры перамогі запар з мінімальным лікам 1:0. Яшчэ не было такога, каб каманда, што прайграе ў першай сустрэчы, выйгравала першынства.

Гульню даверылі абслугоўваць англічаніну Ховарду Уэбу. І трэба заўважыць, што ён стаў адным з найбольш заўважных персанажаў сустрэчы.

Матч быў насамрэч вельмі грубым. І тут найперш пастараліся галандцы. Яны фалілі вельмі шмат, як для фінальнага паядынка. Уэб паказваў жоўтыя карткі адну за адной. Агулам іх было трынаццаць (восем атрымалі галандцы, пяць — іспанцы).

Тэрытарыяльнай перавагай валодалі іспанцы. Але небяспечныя моманты ўзнікалі ў абодвух варот. Але майстэрствам вылучаліся брамнікі — Стэкельург і Касільяс.

Асноўны час скончыўся ўнічыю. У дадатковы час галандцы былі ўжо згодныя дацягнуць да серыі пенальці, але іспанцы былі іншага меркавання.

За 11 хвілін да фінальнага свістка Уэб выдаляе галандца Хейцінгу, а праз сем хвілін Іньеста прыносіць перамогу іспанцам. Без сумневаў, што гэта самы важны гол у ягоным жыцці.

На святочнай цырымоніі ў іспанцаў ужо не заставалася сілаў для радасці. Яны ўсё аддалі для перамогі, і цалкам заслужылі яе. На ўзнагароджванне яны ўжо выйшлі ў загадзя падрыхтаваных майках з зорачкай, як чэмпіёны свету. Яны рыхтаваліся да гэтага выйгрышу.

Галандцы ў трэці раз гулялі ў фінале сусветнага чэмпіянату. І трэці раз саступілі.

Найлепшым футбалістам першынства нечакана стаў уругваец Дыега Фарлан. А «Залатую буцу» найлепшага бамбардзіра атрымаў немец Томас Мюлер.

Бывай, Паўднёва‑Афрыканская Рэспубліка! Праз чатыры гады чарга за Бразіліяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?