З ініцыятывай стварыць Аргкамітэт і шырока адзначыць 20‑годдзе прыняцця Дэкларацыі незалежнасці, зацверджанай Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года, выступіла Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Да справаў святкавання далучыліся «Малады Фронт», Партыя БНФ, «Правы альянс», рух салідарнасці «Разам», Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, Алесь Пашкевіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і шэраг іншых грамадскіх дзеячаў.

Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, аргкамітэт застаецца адкрытым да далучэння.

Сёння вызначаны папярэдні план правядзення мерапрыемстваў па святкаванні, якія адбудуцца ў трох фарматах. Па‑першае, гэта навукова‑практычная канферэнцыя «20 гадоў незалежнасці». Па‑другое, гэта ўрачыстыя вулічныя мерапрыемствы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. І трэцяе — гэта распаўсюд інфармацыі ў выглядзе друкаванай прадукцыі для жыхароў Беларусі, дзе будзе распавядацца гісторыя атрымання нашай краінай незалежнасці і дадзены агляд цяперашняй сітуацыі з незалежнасцю ў Беларусі.

«Асноўная мэта гэтай акцыі — абарона нацыянальных інтарэсаў Беларусі і вяртанне беларускай палітыкі ў рэчышча прабеларускасці,

— адзначыў Віталь Рымашэўскі. — Зараз стала модна казаць пра арыентацыю на Захад, або на Усход, між тым трэба вярнуць сапраўдны сэнс беларускай палітыцы. Перадусім, яна павінна быць прабеларускай і пранезалежніцкай, і на гэта павінны працаваць усе палітычныя сілы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?