Віцэ-мэра Панявежскага раёна Вітаўтаса-Раполаса Грытэнаса заклікаюць да адстаўкі. Крытыку былы старшыня калгасу адбівае жартамі пра індыкоў, якія не любяць чырвоны колер.

71-гадовысацыял-дэмакрат Грытэнас трапіў у няміласць пасля таго, як паехаў у беларускі горад Маладзечна на Дзень Перамогі.

Удзел Грытэнаса ў святкаваннях ілюструе фатаграфія, на якой ён разам з іншымі членамі Панявежскай дэлегацыі зафіксаваны сярод ветэранаў з медалямі на пінжаках. За спіной віцэ-мэра — чырвоны сцяг. Менавіта такую фатаграфію можна ўбачыць на сайце мэрыі. Яна выклікала шквал абурэння апанентаў, якія ўпэўненыя, што Грытэнас, які пазіраваў ля чырвонага сцяга, павінен сысці ў адстаўку.

«Як можа прадстаўнік незалежнай Літвы афіцыйна фатаграфавацца ля чырвонага сцяга, што ўслаўляе Савецкі Саюз? Складваецца ўражанне, што 20 гадоў незалежнасці прайшлі для яго незаўважанымі», — лічыць прадстаўнік Панявежскай мэрыі Віялета Грыгене.

У адказ Грытэнас прапанаваў апанентам апамятацца і спыніць займацца палітыканствам. «Ведаеце, я скажу, што некаторыя людзі хварэюць сындромам індыка: як толькі бачаць чырвоны — адразу кудахтаюць», — заявіў віцэ-мэр.

Нагадаем таксама, што ў Літве савецкая сімволіка, разам з нацысцкай, з’яўляецца забароненай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?