Беларуская футбольная зборная гатова да таварыскага матча з Арменіяй, заявіў галоўны трэнер Бернд Штанге 1 сакавіка пасля завяршэння вячэрняй трэніроўкі каманды ў турэцкім Белеку.

«Гульня ў любым выпадку не будзе простай, таму што не ўсе нашы футбалісты знаходзяцца ў аптымальнай фізічнай форме. Некаторыя вядучыя гульцы наогул наўрад ці выйдуць на поле 3 сакавіка з‑за траўмаў. Аднак мы абавязаны выйграць гэту сустрэчу, я веру ў нашу каманду», — заявіў Штанге, якога цытуе прэс‑служба Беларускай федэрацыі футбола.

«Мы скончылі перыяд эксперыментаў і падарункаў для кандыдатаў у зборную, апрабаваўшы ў справе 30 футбалістаў, — адзначыў трэнер. —

Цяпер у нас аптымальны склад, якому пад сілу выконваць самыя складаныя задачы».

Што да адборачнага цыкла чэмпіянату Еўропы‑2012 і прагнозаў на першую сустрэчу з французамі, якая адбудзецца ў Парыжы 3 ці 4 верасня, то, на думку Штанге, не трэба загадзя баяцца гэтага аўтарытэтнага і моцнага саперніка.

«Я не той чалавек, які скардзіцца, — падкрэсліў нямецкі спецыяліст. — Напэўна, больш зручна было б пачаць з гульні дома з Люксембургам, каб адразу тры ачкі атрымаць. Але гэта не канцэрт па заяўках. Мяркую, нядрэнна згуляць і супраць Францыі пасля чэмпіянату свету. Новыя трэнеры, новыя ўстаноўкі, гульцы. Гэта для нас нядрэнна. Гэта лепш, чым сустракацца праз год, калі каманда ўжо згуляная. Патэнцыял французскай зборнай, бясспрэчна, вышэйшы за беларускі, і нам будзе асабліва цяжка гуляць на выездзе. Але мы будзем змагацца. Сур’ёзна і вельмі актыўна».

З 28 лютага па 4 сакавіка беларуская зборная знаходзіцца на зборы ў Турцыі, дзе 3 сакавіка згуляе спарынг з армянамі. 2 чэрвеня Беларусь правядзе дома таварыскі матч са шведамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?