Легендарны канадскі хакеіст з беларускімі каранямі Уэйн Грэцкі ўсё ж прыняў удзел у запальванні алімпійскага агню XXI зімовай Алімпіяды на стадыёне ВС Place ў Ванкуверы, хоць напярэдадні арганізатары і паспяшаліся абвергнуць інфармацыю, якая прасачылася ў прэсу, аб тым, што ўладальнік мноства рэкордаў НХЛ стане апошнім удзельнікам эстафеты алімпійскага агню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У выніку менавіта Грэцкі прабег з факелам заключны адрэзак эстафеты. Але, насуперак традыцыі, ён быў не адзіным, хто запальваў агонь ванкуверской Алімпіяды. Арганізатары прыдумалі даволі арыгінальны ход.

Пасля алімпійскага парада і тэатралізаванага паказу, якія чаргаваліся прамовамі прэзідэнта МАК Жака Роге, старшыні аргкамітэта Гульняў Джона Ферлонга і генерал-губернатара Канады Мішэль Жан, у цэнтры стадыёна з-пад зямлі з’явілася канструкцыя, якая сімвалізавала вогнішча індзейцаў. У цэнтры яе была чаша, з якой павінен быў успыхнуць алімпійскі агонь. А запаліцца ён павінен быў па накіраваных да чашы стрэлах, што нагадвалі дровы вогнішча. Такім чынам, у гэтай цырымоніі павінны былі ўдзельнічаць адразу некалькі чалавек, адначасова падносіўшых свае факелы да стрэл. Гэтага права ўдастоіліся пяцёра вядомых канадскіх спартсменаў: параалімпіец Рык Хансен, гарналыжніца Нэнсі Грын, канькабежка Катрын Ле Мэй-Доан, баскетбаліст Стыў Нэш і хакеіст Уэйн Грэцкі. Праўда, пры гэтым узняліся толькі тры стралы з чатырох, і Нэнсі Грын у заключнай частцы рытуалу апынулася ў ролі назіральніцы.

Пачатак свята быў азмрочаны гібеллю грузінскага саначніка Надара Кумарыташвілі, які вылецеў з трасы ў час трэніровачнага заезду і памёр у шпіталі за некалькі гадзін да адкрыцця Гульняў. Таму цырымонія адкрыцця Гульняў была прысвечана памяці атлета, а алімпійскі сцяг і сцягі краін-удзельніц былі прыспушчаны. Акрамя таго, стадыён ушанаваў памяць спартоўца мінутай маўчання.

На алімпійскім парадзе спартсмены Грузіі ішлі ў чырвоных касцюмах з жалобнымі павязкамі на рукаве і чорнымі шалікамі. Да дрэўка сцяга Грузіі была прымацавана жалобная стужачка. Усе гледачы сустракалі грузінскую каманду стоячы.

Беларуская каманда ішла дзесятая па ліку — пасля Азербайджана і перад Бельгіяй. Сцяг нашай краіны, як і было абвешчана, нёс хакеіст Алег Антоненка.

Дарэчы, яшчэ ў некалькіх камандах сцяганосцамі былі хакеісты. Сярод іх капітан мінскага «Дынама» Віле Пелтанен (Фінляндыя), Аляксей Марозаў (Расія), Ярамір Ягр (Чэхія), Петэр Форсберг (Швецыя), Томі Якабсен (Нарвегія), Зігмунд Палфі (Славакія). Пры гэтым адразу чацвёра выступаюць у Кантынентальнай хакейнай лізе — Антоненка, Пелтанен (абодва — мінскае «Дынама»), Марозаў («Ак Барс») і Ягр («Авангард»).

На парадзе самыя бурныя авацыі, зразумела, дасталіся зборнай Канады, якая завяршала караван з 82 дэлегацый. Але вельмі ўнушальна стадыён адгукнуўся на праход кітайскай дружыны. Азіятаў у Ванкуверы настолькі шмат, што часам складаецца ўражанне, нібыта прадаўжаецца Алімпіяда-2008 у Пекіне. Тым больш што на стадыён многія гледачы прыйшлі са сцяжкамі дзвюх краін — Кітая і Канады. І некаторыя з іх аднолькава старанна віталі атлетаў як ранейшай, так і цяперашняй радзімы.

Калі ж праводзіць аналогіі з цырымоніяй адкрыцця Гульняў у Пекіне, то ў Ванкуверы спартсмены паводзілі сябе больш стрымана і акадэмічна, чым на папярэдняй летняй Алімпіядзе, дзе шматлікія каманды ўволю пазабаўляліся, часам ставячы ў тупік не зусім гатовых да экспромтаў валанцёраў.
Зрэшты, сур’ёзнасць цалкам зразумела з улікам гібелі грузінскага саначніка. Невялікую вольнасць дазволілі сабе толькі харваты, якія раздорвалі трыбунам на сувеніры свае галаўныя ўборы. Дарэчы, тыя ж харваты былі адны з самых палымяных і ў час шэсця ў Пекіне, калі, паддаўшыся святочнаму настрою, кінуліся ў скокі, далучаючы да працэсу нават пастаўленых у жывыя ланцугі кітайскіх акцёраў, якія тады крыху разгубіліся.

Складана сказаць, ці ўносілі арганізатары змяненні ў праграму адкрыцця ў сувязі з трагічнай смерцю Надара Кумарыташвілі, але

размах шоу, вядома, цяжка параўнаць з Пекінскім грандыёзным паказам
. Але ў кітайцаў былі як мінімум дзве значныя перавагі — адкрытае неба і 15 тыс. задзейнічаных акцёраў. На ванкуверскім стадыёне іх відавочна было менш, ды і піратэхнічныя нумары па прычыне закрытага даху былі зведзены да мінімуму.
У лазерных жа шоу і светлавых спецэфектах, ды і ў акрабатычных труках пад купалам арэны Ванкувер наўрад ці ўступіў Пекіну. Што датычыцца сардэчнасці, сентыментальнасці і рамантызму, то і ў гэтым кампаненце канадцы былі мацнейшыя на выдумку, адвёўшы самую значную ролю ў тэатралізаваным паказе мясцовым індзейскім плямёнам, якія пражываюць на тэрыторыі Гульняў. Куды больш гуманна арганізатары Гульняў у Ванкуверы паставіліся і да спартсменаў, якія, прайшоўшы круг па перыметры стадыёна, займалі месцы на трыбунах, дзе для гэтага было выдзелена цэлых пяць сектараў. У Пекіне ж атлеты збіраліся ў цэнтры поля, дзе чакалі да канца чатырохгадзіннага паказу.
Нацыянальны гімн Канады (ён на дзвюх мовах — англійскай і французскай) «ужывую» выканаў дуэт Нэлі Фуртада (кажуць, яна атрымала ад бацькоў сваё імя ў гонар беларускай гімнасткі Нэлі Кім), а таксама папулярны ва ўсім свеце спявак Браян Адамс. Алімпійскі гімн натхнёна спела оперная канадская спявачка. Наогул, эстрадных выступленняў было шмат, і іх кранальная танальнасць была даспадобы патрыятычна настроенай публіцы, перад якой з дапамогай спецэфектаў на фоне імправізаванага паўночнага ззяння прамільгнулі бяскрайнія прасторы краіны, яе маляўнічыя пейзажы, велічная і часам суровая прырода: ураганны вецер, гром, вадаспады…

Алімпіяда ў Ванкуверы прадоўжыцца да 28 лютага. У ёй прымуць удзел больш за 2,6 тыс. спартсменаў з 82 краін, якія разыграюць 86 камплектаў узнагарод у 15 дысцыплінах. Беларусь выступіць у шасці відах спорту — хакеі, фрыстайле, біятлоне, лыжных гонках, горных лыжах, канькабежным спорте.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?