У дачыненні да 29-гадовага гамяльчаніна, які паведаміў пра мініраванне цягніка «Мінск — Гомель», распачата справа на падставе ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса (заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы).

Як паведамілі ў Гомельскім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце, «узрыўнік» зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Паводле слоў начальніка АУСТ Ігара Набатава, паводле ўдакладненых звестак, 348 пасажыраў і 17 работнікаў чыгункі былі эвакуяваны з цягніка «Мінск — Гомель» з-за пагроз аднаго з пасажыраў узарваць састаў. Здарэнне адбылося паміж Жлобінам і Чырвоным Берагам 20 студзеня прыкладна ў 18.00. Малады чалавек падышоў да правадніка першага вагона і заявіў, што цягнік замініраваны. Праваднік праінфармаваў аб гэтым начальніка састава, а той — у міліцыю і МНС.

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі МНС, міліцыі, КДБ і група размініравання. Пасажыры і работнікі цягніка былі эвакуяваныя, затым дастаўлены на аўтобусах у Жлобін. З райцэнтра пасажыраў на дызель-цягніку адправілі ў Гомель. Група размініравання не знайшла ў цягніку выбуховай прылады.

«Узрыўнік» спрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Затрымка цягніка склала прыблізна тры гадзіны.

З-за НЗ былі затрыманы восем цягнікоў — пяць пасажырскіх і тры прыгарадныя.

Работнікі цягніка паведамілі, што пасажыр знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і паводзіў сябе неадэкватна — дэбашырыў, лаяўся, таму яшчэ ў Бабруйску праваднікі цягніка выклікалі міліцыю, каб уціхамірыць хулігана. Але да гэтага часу ён сам супакоіўся,

і ў міліцыю яго не забралі.

Калі цягнік ад’ехаў ад Бабруйска, малады чалавек стаў зноў выказваць агрэсіўнасць. Паводле слоў праваднікоў, ён крычаў, што з’яўляецца работнікам ваенізаванай аховы БЧ, заяўляў, што цягнік замініраваны. У АУСТ паведамілі, што пакуль устанаўліваецца, ці сапраўды «ўзрыўнік» з’яўляецца супрацоўнікам ваенізаванай аховы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?