Прайшлі першыя хвалі грыпу, а разам з імі і паніка, што чалавецтва ў небяспецы. І цяпер у заходніх сродках масавай інфармацыі самае папулярнае пытанне «што рабіць» змянілася на пытанне «хто вінаваты?».

Ляцяць камяні ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Рада Еўропы нават пачала расследаванне ініцыятываў СААЗ, на падставе крытыкі за неабгрунтаванае абвяшчэнне пандэміі і перабольшванне рызыкі, звязанай з новым штамам грыпу, тым самым лабіраванне інтарэсаў фармакалагічных кампаній.

Спецыяльны дарадца гендырэктара СААЗ у галіне пандэмічнага грыпу Кеджы Фукуда на брыфінгу з журналістамі адхіліў абвінавачванні, якія гучалі ў адрас арганізацыі, піша The Washington Post:

«Свет перажывае рэальную пандэмію. Называць яе сфабрыкаванай — памылкова і безадказна»,

— заявіў Фукуда і дадаў, што СААЗ не перабольшвала і не змяншала рызыку вірусу для чалавецтва.

Фукуда зазначыў, што нягледзячы на адносную мяккасць плыні новага грыпу А/H1N1, грып ужо забіў як мінімум 13 тысяч чалавек, і пандэмія пакуль не збіраецца завяршацца. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, зараз захворванне набірае моц ў Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай Азіі ды Усходняй Еўропе. Новая хваля інфекцыі чакаецца ў Паўночным паўшар’і ў канцы зімы або пачатку вясны гэтага года.

Падчас спрэчак і расследаванняў некаторыя краіны ўжо адмаўляюцца ад запланаваных раней закупаў вакцын ад грыпу А/H1N1. Напрыклад, Грэцыя першапачаткова закупіла 3,6 мільёна доз і адмовілася ад наступных паставак, бо вакцынацыю прайшлі толькі 360 тысяч жыхароў (з 11 мільёнаў). У Нарвегіі вакцынавана 60% насельніцтва краіны. Улады Вялікабрытаніі і Францыі таксама абмяркоўвалі ўжо скарачэнне паставак вакцын ад новага грыпу, у сувязі са зменамі рэкамендацый па імунізацыі.

Свет ужо перахварэў на паніку свінога грыпу.

Аднак А/H1N1 пакуль не сыходзіць са сцэны галоўных падзеяў. У Беларусі наступную хвалю звычайнага грыпу прагназуюць на канец студзеня — пачатак лютага. Платную вакцынацыю насельніцтва у Мінску супраць пандэмічнага грыпу плануецца пачаць у першай дэкадзе лютага. Цешыць толькі, што наступная хваля мусіць быць не такой моцнай як папярэдняя, і таму пакуль нават верыцца словам чыноўнікаў з Мінздароўя, што і ў нас «усё будзе добра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?