Беларускія і польскія канты і кантычкі — сучасныя і старажытныя — будуць гучаць на сцэне філармоніі ў канцэрце «Зорка-Прадвесніца».

Канты — шматгалосныя духоўныя спевы, што прыйшлі да нас з візантыйскай культуры, ды якія першапачаткова ствараліся паводле рэлігійных тэкстаў. З цягам часу на нашай зямлі іх перапяялі на свой манер, прапусціўшы праз уласныя завядзёнкі, у тым ліку і паганскія.

«Кожная творчая асоба, творчы народ, ніколі не будзе наўпрост цытаваць з чужой культуры, а заўсёды апрацуе, дадасць сваё: падобнае адбылося і з кантамі, — кажа кампазітарка Ларыса Сімаковіч. — Беларусы не проста перапявалі візантыйскую духоўную музыку, але дадавалі сваю мелодыку, перараблялі на свой слых, прапускалі, перайначваючы, тэксты кантаў праз сябе, свой быт, лад жыцця, і таму ў выніку канты не проста асіміляваліся нашай культурай — з іх атрымаўся новы, непрадказальны, адметны музычны жанр».

Акрамя кантаў на канцэрце прагучыць калядная музыка ВКЛ і Рэчы Паспалітай, музыка, якую можна было пачуць у нясвіжскіх палацах пры Мацеі Радзівілу ў ХV ст., а таксама спевы на тэму Раства і Калядаў, якія склаліся ў ХХІ стагоддзі сучаснымі кампазітарамі. У канцэрце — творы Яна Голанда, Вацлава з Шамотул, Міхала Клеафаса Агінскага, Яўгена Паплаўскага і Ларысы Сімаковіч. Выконвае спевы Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік — Наталля Міхайлава) і Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі «Gradus ad Parnassum» (дырыжор — Пётр Вандзілоўскі).

Такім чынам, апошнія калядныя хваласпевы сыдуць на нашу зямлю

21 студзеня 2010 г. у Малой залі імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Незалежнасці, 50). Пачатак а 19-й.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?