Блогер, які падпісаны ў тыктоку як kindus9978, прадэманстраваў паліцу з надпісам «Купляйце беларускае», дзе ляжалі айчынныя малаткі.

— Вось глядзіце: малаток, каштуе 12,30. Жудасна глядзець на яго. Глядзіце, якія зазоры. З чаго яго рабілі? Я проста рукой здымаю з рукаяткі металічную частку.

Сапраўды бачна, што мужчына робіць гэта лёгка трыма пальцамі. Ён паказаў, што крыху вышэй вісяць кітайскія малаткі, якія выглядаюць больш надзейна і каштуюць 8,71 рубля.

— Вось што я хутчэй куплю? Кітайскі малаток ці гэты… цуд. Божачкі, не ведаю нават, як гэта назваць.

За пяць дзён відэа набрала больш за 600 тысяч праглядаў і сотні жартлівых каментарыяў. 

«Малаток не купляецца ў краме. Купляецца толькі ручка, а галоўка малатка перадаецца ў спадчыну ад прадзеда ўнуку».

«Такія малаткі я ў 1993 годзе на ўроку працы рабіў, а настаўнік, мабыць, дагэтуль прадаць не можа».

«Нічога вы не разумееце. Гэта ж для душы малаток. Купіў, прыйшоў у гараж і потым тыдзень яшчэ дарабляеш сам».

«Цяпер вы разумееце, чаму «Джылі» кітайская? Наша была б, як гэтыя цудоўныя малаткі».

«Гэта леташнія малаткі. У гэтым годзе выпускаюць толькі якасныя».

Нехта хацеў пераканаць, што беларускія малаткі ўсё роўна лепшыя за кітайскія: «У кітайскім будуць увагнутасці ад цвіка», — але атрымлівалі ў адказ здзеклівае: «А ад нашага малатка ў ілбе». 

Былі і тыя, хто спрабаваў абараняць калі не самі малаткі, то хаця б Лукашэнку, якога тролілі Годам якасці: «Ну, хлопцы, іх жа робіць не краіна, не сцяг, не герб, не прэзідэнт. Іх робяць нашы сябры, суседзі… Артыкул? Крымінальны кодэкс РБ?».

Як тут не згадаць прапагандыста Russia Today Канстанціна Прыдыбайлу, які абурыўся, калі «Наша Ніва» напісала, што на лукашэнкаўскім чэмпіянаце па колцы дроў той карыстаўся фінскай сякерай замест беларускай. «Змагары напісалі: «Чаму сякеры Fiskars?» Я кажу: «А якая розніца? Чаму патрыёт павінен выкарыстоўваць сякеру з лайна?» — заявіў тады Канстанцін.

Чым Прыдыбайлу не падабаюцца айчынныя сякеры, якія вырабляе Віцебскі завод трактарных запчастак, ён тады не растлумачыў. 

Чытайце таксама:

«Эканомія павінна быць адэкватнай». Беларус падзяліўся, як найлепей ашчаджаць на бонусных праграмах і зніжках

«Гэта нешта роднае, душэўнае і блізкае мне». Апублікавалі вынікі даследавання, як спажыўцы ставяцца да беларускамоўнай рэкламы

«Дырэктарка абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія». Бацькі пра зборы на рамонт у школах

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
47
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
3