Віктар Ганчар Анатоль Красоўскі Victor Gonchar Anatoly Krasovsky Виктор Гончар Анатолий Красовский

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

У верасні 1999 года бізнэсовец Анатоль Красоўскі знік разам з тагачасным старшынём ЦВК Віктарам Ганчаром. Да гэтага, 7 мая таго ж года, знік былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. У студзені 2003 года пракуратура Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце іх знікнення.

Вадзім Кабанчук праводзіў уласнае расследаванне. У 2000 годзе яго каманда выйшла на след, а летам 2001-га, за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, была знойдзена машына Красоўскага.

«Мы ўстанавілі ўсю групу захопу. Гэта братва Паўлічэнкі з САХРу (Спецыяльны атрад хуткага рэагавання. — НН). Калі яны захапілі Ганчара з Красоўскім, яны перавезлі Jeep Cherokee у частку САХРу пад Бягомлем. Гэта былая метэастанцыя ў лесе, кіламетраў 5-7 ад Бягомля.

Паўлічэнка загадаў байцам вырыць вялікую яму пад выглядам будаўніцтва паласы перашкод. У гэтую яму скінулі джып. Зверху наехалі БТРам каб яго сплюшчыць. Затым засыпалі. Зверху паклалі бярвенне. І кожнага ранку праз гэтую яму бегалі салдаты».

Кабанчук адзначае, што невядома, ці былі ў гэтай яме целы Ганчара з Красоўскім. Яго каманда толькі з дапамогай металашукальніка знайшла месца, дзе меркавана была машына, і змагла вызначыць яе контур. Ён не сумняецца, што яны адшукалі менавіта тое месца.

«Супала ўсё з той інфармацыяй, што мы мелі. Мы яшчэ пракапалі два шурфы. Прыкладна на глыбіні 1,2 метра рыдлёўка ўперлася ў метал. Што ў лесе ў яме можа ляжаць квадратнае, якое адбівае контуры джыпа? Тым больш, што ў нас былі дакладныя даныя, дзе гэта шукаць».

Як згадвае Кабанчук, спецслужбы ў тым жа годзе пацвердзілі версію яго каманды. У лес была накіравана група сілавікоў без апазнавальных знакаў разам з журналістамі дзяржаўнага тэлебачання.

«Яма была вялікая. Яны яе перакапалі лапатамі, зрабілі ўражанне, што яма перакапана ўся. На самой справе, у іх быў адбіты контур машыны. Яны перакапалі вакол контуру, павыкідалі зямлю, стварыўшы ўражанне, што яма ўся перакапаная.

Адзін з журналістаў зайшоў ззаду камерай у тэчку, якая была ў руках следчага. У тэчцы — вось, машына нейкімі кропкамі адзначана, два нашыя шурфы. Усё гэта было ў яго ў тэчцы…. Такім чынам яны пацвердзілі, што ўсё, што мы знайшлі, там і было. Пазней, безумоўна, яны яе перавезлі. На сёння яе там на сто адсоткаў няма».

Наводку на месца, дзе шукаць, па словах Кабанчука, даў адзін з байцоў САХРу. Мужчына ўпэўнены, што пасля змены рэжыму справу аб знікненні беларускіх палітыкаў можна будзе лёгка раскрыць. «У прынцыпе, яна раскрытая. Трэба толькі дастаць тых, хто яшчэ застаўся (з групы захопу. — НН). Яны дадуць адразу паказанні», — сцвярджае мужчына.

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

«Украінцы казалі ў 1990-я: будзе вайна з Масквой». Кабанчук расказаў, як беларусы праходзілі вышкал у лагеры Дзмітрыя Яраша на Галіччыне

Як вадзіў за нос КДБ, расследаваў справу зніклых палітыкаў і арганізоўваў падполле. Новы ТОК з Вадзімам Кабанчуком

«Лукашэнка перайшоў столькі чырвоных ліній, што Кіеў становіцца больш адкрытым». Франак Вячорка пра паездку ва Украіну 

Клас
30
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
11
Абуральна
11