У лютым 2023 года суд Рэчыцкага раёна разглядаў грамадзянскую справу па заяве мясцовай жыхаркі, у якой яна прасіла ўстанавіць факт смерці сына. 

Жанчына патлумачыла, што органы ЗАГС адмовілі ёй у актавым запісе аб смерці, паколькі яна не мае належных дакументаў, якія пацвярджаюць смерць сына, а ўстанаўленне факту смерці неабходна, у прыватнасці, для атрымання дапамогі на пахаванне. 

У судовым паседжанні жанчына ўказала, што сын загінуў «пры выкананні спецыяльнай ваеннай аперацыі», і актавы запіс аб яго смерці быў здзейснены органам «Міністэрства юстыцыі Л. народнай рэспублікі». 

Аднак гэтае пасведчанне аб смерці «не падлягае легалізацыі» (рэжым Лукашэнка афіцыйна так і не прызнаў самаабвешчаныя «ЛНР» і «ДНР» да іх уключэння ў склад РФ восенню 2023 года). 

Жанчыне прыйшлося даказваць факт смерці сына з дапамогай розных дакументаў, у тым ліку — выпіскай з указа прэзідэнта РФ аб узнагароджанні загінулага беларуса пасмяротна медалём. 

У выніку суд вырашыў устанавіць факт смерці мужчыны, «памерлага з прычыны агнястрэльных выбуховых скразных пранікальных раненняў галавы, шыі, канечнасцяў». 

Таксама факт смерці загінулага на вайне ва Украіне ўстанаўліваў суд Светлагорскага раёна ў ліпені 2023. Туды звярнуўся мясцовы жыхар, указаўшы, што ў «ДНР» загінуў яго сын. Прычына смерці — «агнястрэльнае выбуховае аскепкавае раненне галавы і правай ніжняй канечнасці». Абставіны гібелі суд не ўстанаўліваў. 

Пасля смерці сына адкрылася спадчына, аднак бацька не змог яе атрымаць, бо пасведчанне аб смерці сына выдадзена «Мінюстам» «ЛНР», якая «зʼяўляецца непрызнанай дзяржавай, у сувязі з чым пасведчанне аб смерці, выдадзенае дзяржаўнымі ўстановамі непрызнанай дзяржавы, не зʼяўляецца дакументам, на падставе якога натарыусам можа быць выдадзена пасведчанне аб праве на спадчыну», гаворыцца ў матэрыялах суда. 

«Вывучыўшы матэрыялы грамадзянскай справы, прааналізаваўшы і ацаніўшы сабраныя па справе доказы ў іх сукупнасці», суд таксама вырашыў устанавіць факт смерці ўраджэнца Светлагорска. 

Іншы выпадак разбіраў суд Мазырскага раёна ў снежні 2023 года. Там разглядалі пазоў мясцовай жыхаркі аб спагнанні аліментаў на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Але пры разглядзе высветлілася, што бацька дзіцяці зʼехаў у РФ, а пазней знік без вестак «пры выкананні задач у ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі» ў акупаваным Крыме, дзе служыў радавым. У выніку іскавая заява мазыранкі засталася без разгляду.

Чытайце таксама:

Да гарадоў, дзе мясцовыя могілкі ператварыліся ў балота, далучыўся Рагачоў

Выпадак з мёртвым целам, якое пераблыталі ў Гомелі не ўнікальны — тое самае было ў Пінску

Гамельчуку паведамілі пра смерць маці. На пахаванні высветлілася, што яна жывая, а ў труне іншы чалавек

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
9
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3