Аляксандр Штэфанаў Alexander Stefanov Александр Штефанов

Аляксанд Штафанаў. Скрын відэа vdud / YouTube

Блогер Аляксандр Штафанаў зняў дакументальны фільм пра жыццё ў акупаваных Марыупалі і Данецку «Звычайная дэнацыфікацыя». У 2023-м хлопца прызналі іншагентам. Ён выступае супраць вайны, уступае ў дыскусіі з Z-прыхільнікамі і прапагандыстамі. Але некаторыя яго дзеянні лічаць неадназначнымі. На адной з сустрэч блогер, напрыклад, устаў падчас хвіліны маўчання ў памяць аб забітым прапагандысце вайны Уладлене Татарскім

«Беларусь — гэта частка вялікай Расіі»

Юрый Дудзь папрасіў свайго госця Аляксандра Штафанава патлумачыць яго выказванне пра тое, што Беларусь — гэта частка вялікай Расіі.

Блогер удакладніў, што казаў пра культурную прастору. Ён прывёў прыклад Віцебска, дзе ён жыў. «Горад уяўляў сабою практычна адзіную з Расіяй культурную прастору. Гэта людзі, якія лічаць рускую культуру часткай сваёй культуры. Зразумела, яны лічаць, што яны іншыя, але вельмі блізкія да Расіі.

Трэба разумець, што гэта безбар'ернае асяроддзе. Паміж Віцебскам і Смаленскам няма мяжы. Гэта людзі, якія пастаянна курсуюць туды-сюды. І гэта абсалютна цвёрдае разуменне адрозненняў паміж віцяблянамі і смалянамі. Таму была такая асацыяцыя вялікай і малой Расіі. Ёсць у гэтым нешта не самае добрае. Але так яно атаясамлівалася».

Пра беларускую мову

Штафанаў згадвае: «Мы адзінаццаць гадоў вывучалі беларускую мову. І ў нас недзе на восьмы год узнікла пытанне «а навошта?» Ніхто на ёй не размаўляе. У Віцебску я не ведаю нікога, хто б пастаянна размаўляў на беларускай мове. Ніколі мы не бачылі носьбіта беларускай мовы.

Мы вывучалі беларускую мову толькі ў школе. У нас да 8-9 класа хіба што дзве траціны класа разам заяўлялі, што нам беларуская мова не патрэбна. Мы не хочам яе вучыць. Навошта нам яе вучыць, калі мы не бачым карысці».

Штафанаў адзначыў, што на захадзе Беларусі сітуацыя з носьбітамі беларускай мовы выглядае значна лепш. «Але таксама пераважная большасць размаўляе на рускай».

І вось у тым ліку з-за гэтага, па словах блогера, ёсць адчуванне адзінай з Расіяй культурнай прасторы

@nashanivanews Блогер Аляксандр Штэфанаў у новым выпуску Дудзя выказаўся пра беларускую мову #беларусь #беларускітыкток #штефанов #беларусьновости #нашаніва #беларускаямова #мова #слуцк ♬ Беларусы Мы пачынаем -

«Шмат каму ў Беларусі здавалася, што ў Расіі свабода»

Калі ж гаварыць пра палітычную прастору, то, кажа Штафанаў, у Беларусі яна зусім іншая.

«У плане палітычнага самаадчування, узаемаадносін з дзяржавай, беларусы і рускія адрозніваюцца. Для беларусаў рускія насамрэч дастаткова ліберальныя. Што там можна на чырвонае святло дарогу перайсці, можна не ўсе законы выконваць, сысці ад падаткаў. Можна на пікет хадзіць не раз у трыццаць гадоў.

Насамрэч, да 2020 года (пасля гэта ілюзія зламалася, былі вельмі магутныя пратэсты, таму што вельмі шмат назапасілася) шмат каму ў Беларусі здавалася, што ў Расіі свабода. У вас мітынгі праходзяць. І людзей нават з ВНУ не адлічваюць (ну, бывалі адзінкавыя гісторыі)».

«Знаёмы з міліцыі прапанаваў: Пойдзем біць бамжа»

Штафанаў адзначае, што «беларускія міліцыянеры — зверы нават у параўнанні з расійскімі». Па словах блогера, такое адрозненне хутчэй за ўсё з-за розніцы ў кіраванні. «Кіраванне — гэта сістэмная рэч. У беларускай міліцыі падтрымліваецца садызм».

Аляксандр сцвярджае, што з яго аднакласнікаў толькі два чалавека ў 2020-м не падтрымалі пратэсты. Яны пайшлі служыць у міліцыю. Блогер згадаў сваю сустрэчу з хлопцам, які вучыўся ў яго школе ў малодшым на год класе.

«Мы з ім выпадкова сустрэліся ўжо пасля заканчэння школы. Пайшлі ў кавярню пасядзець, паразмаўляць. Ён распавёў, што пайшоў служыць у міліцыю. Я параспытваў яго пра розныя асаблівасці службы.

Потым ён гаворыць: «Ну ўсё. Цяпер пойдзем біць бамжа». Ён прапанаваў мне пайсці на закінуты будынак. Ён гэта яшчэ ідэалагічна абгрунтоўваў — «гэта ж антысацыяльны элемент, ён жа не плаціць падаткі, бухае». Гэта вось чалавек пайшоў служыць у міліцыю».

Па словах Штафанава, насілле 2020 года не было для яго «архіздзіўленнем», бо ён разумеў, што «гэтыя людзі, калі ім дадуць адпаведны загад, будуць дзейнічаць менавіта так».

У Расіі, сцвярджае хлопец, «можа з-за спецыфікі кіравання, можа, што апэшачка (Адміністрацыя прэзідэнта. — НН) нармальнае нешта раіць, разгон мітынгаў выглядае ў дзесяць разоў цывілізаваней».

На заўвагу Дудзя аб жорсткім абыходжанні з пратэстоўцамі ў Расіі ў 2019 годзе Штафанаў адказаў:

«Ёсць беларускі вопыт, калі бʼюць не толькі на плошчах. Бʼюць у аўтазаках, бʼюць сістэмна. Потым прывозяць, бʼюць у аддзяленні. І мала таго, што бʼюць затрыманых, бʼюць яшчэ журналістаў Russiа Tuday. І гэта самае смешнае».

«Беларусізацыя» Расіі

Дудзь спытаў, ці няма ўражання, што «гэтая жэсць» ужо перапаўзла праз мяжу? 

На гэта Штафанаў адказаў: «Паступова ідзе беларусізацыя. Але па нейкіх прычынах (з-за рэсурсаў ці рэшткаў гэтай цывільнасці) у Расіі няма такой практыкі, што кожнага, хто ўдзельнічаў у якім-небудзь мітынгу, знаходзяць, урываюцца ў яго кватэру, праводзяць жахлівы ператрус.

Калі ў цябе, напрыклад, бчб-сцяг, цябе распрануць дагала і абвяжуць гэтым сцягам. Размалююць табе пенісамі твар, бо палічаць, што гэта вельмі смешна. І на відэа запішуць, як ты просіш прабачэння».

На погляд Штафанава, у Расіі ёсць адно месца, дзе «беларусізацыя» ідзе хутчэй. Гэта Крым. «Яна там вельмі жорстка абыходзяцца. Тут гэта зразумела. Гэта тэрыторыя спецыфічная, легітымнасць няпоўная. Не адчуваецца яна цалкам. І фронт блізка».

Чытайце яшчэ:

«Званіў мэру з аўтазака. Цяпер уяўляю, як дабягу да Гродна і пацалую брукаванку». Вялікая гутарка з журналістам Русланам Кулевічам

«Ты рэальна лічыш, што Пуцін зварʼяцеў?» Інтэрвʼю Дудзя з Кучэрам парвала інтэрнэт

Мікіта Мелказёраў: Мы навучаныя з дзяцінства, што ёсць якаснае рускае, а наша — нібыта пародыя на ўсё

Клас
10
Панылы сорам
26
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
15
Абуральна
51