«Там мы разам кармілі куранят, збіралі вішні…»

Хатка, дарагая сэрцу Настассі Студзянцовай, настаўніцы пачатковых класаў з Мінска, знаходзіцца ў невялічкім гарадскім пасёлку Хоцімск, што ў Магілёўскай вобласці. Там яе пабудавалі прадзед (ён быў сталяром) і дзядуля Настассі прыблізна 70 гадоў таму.

«Дзядуля з бабуляй пражылі ў той хатцы ўсё сумеснае жыццё, — расказвае Настасся. — Яны пазнаёміліся праз пару гадоў пасля вайны ў вясковым клубе недалёка ад Хоцімска. Бабулю размеркавалі туды настаўніцай, а дзядуля прыехаў у родную вёску са службы ў адпачынак. Я заўсёды была вельмі прывязаная да гэтага месца.

Там прайшло маё дзяцінства, там палюбіла прыроду, там клікала куранят да бабулі, калі яна выходзіла іх карміць. Там мы з дзядулем разам капалі бульбу, збіралі вішні. І разам баяліся бабулю (яна ж у нас была заслужанай настаўніцай матэматыкі), калі «касячылі». Мая маці паехала мяне туды нараджаць, хоць ужо жыла ў Мінску. Таму я звязана з Хоцімскам з самага свайго нараджэння. Менавіта гэта месца, лічу, зрабіла мяне той, хто я ёсць».

Але… гэта жыццё. Са стратай родных вельмі часта прыходзіць і страта хаты…

«Дзядуля памёр у 2012 годзе, бабуля — у верасні 2022-га, — працягвае свой аповед Настасся. — У Хоцімску нікога з родных не засталося. Было зразумела, што рана ці позна хату давядзецца прадаць, ніхто не будзе з Мінска ездзіць яе даглядаць. Гэта быў вялікі боль майго сэрца. Там столькі маёй душы, успамінаў, я вельмі люблю і ведаю ў той хаце кожны брусочак, кожную палічку. І расставацца з гэтым было вельмі цяжка. Таму я пастаянна думала, як мне гэта захаваць, акрамя сваёй памяці і фотаздымкаў».

Настасся верыць у Бога. І лічыць, што гэта менавіта Ён нейкім чынам зрабіў так, каб яна ўбачыла ў інстаграме акаўнт майстроў-мініяцюрыстаў Сняжаны і Аляксея.

— Памятаю, разглядала там фотаздымкі з маленечкімі, памерам з кнігу, дамкамі мары ды пакойчыкамі з папулярных фільмаў. І падумала: «А чаму б не захаваць і нашу вясковую хатку ў такой мініяцюры. Я адразу ж напісала майстрам і запыталася, ці маглі б яны зрабіць яе маленькую копію».

Сняжана адказала: «Можам паспрабаваць» і папрасіла даслаць шмат падрабязных фотаздымкаў. Якраз у жніўні ў маёй маці, якая нарадзілася ў гэтай хаце, быў юбілей, таму я вырашыла, што зраблю ёй такі незвычайны падарунак».

Настасся папрасіла рамеснікаў зрабіць не толькі макет дома, але і яшчэ ўнутры яго адзін пакой.

«У нашай хаце два вялікія пакоі, і калі я думала, які з іх увасобіць, спынілася менавіта на зале, дзе падчас свят збіралася ўся сям’я. Што б ні святкавалі — Новы год ці чыйсьці дзень нараджэння, — дзядуля заўсёды сядзеў на чале стала. Ён быў ветэранам вайны, меў шмат узнагарод. Дык вось на нейкае свята дзядулю падарылі вялікі партрэт, на якім ён у пінжаку, завешаным ордэнамі і медалямі. Ён шмат гадоў займаў пачэснае месца ў нас на буфеце. Радасна, што Сняжана з Аляксеем зрабілі паменшаную копію ў тым ліку і гэтага партрэта. 

Такім чынам, дзядуля нават тварам прысутнічае ў мініяцюрным дамку. Таксама ў міні-пакоі над сталом вісіць копія калажа з фотаздымкаў, які я рабіла на залатое вяселле бабулі і дзядулі.

— Што самае каштоўнае ў міні-пакоі — партрэт дзядулі?

— Напэўна, усё. Партрэту ўсяго дваццаць гадоў, а буфет, напрыклад, там стаяў, колькі я сябе памятаю. 

У нашым сямейным альбоме шмат чорна-белых фотаздымкаў на яго фоне. Канапа, засцеленая мякенькім пакрывалам, таксама ўсё маё жыццё там стаяла. Каб дакладна паўтарыць узоры на ім, Сняжана з Аляксеем прымянілі друк па тканіне з фотаздымка. Таму да гэтага пакрывала ў мініяцюрным дамку можна дакрануцца і адчуць яго навобмацак.

Мы былі са Сняжанай увесь час на сувязі, узгаднялі кожную дэталь. І зусім нечакана гэтыя званкі ды перапіска, сам працэс падбору матэрыялаў сталі для мяне своеасаблівай псіхатэрапіяй.

Калі я ўзяла ў рукі бабулін і дзядулеў дамок, адразу пачала плакаць, бо адчула ўжо не боль, а светлы сум, пяшчоту. Цяпер міні-копія хаткі — сапраўдная рэліквія ў нашай сям’і, якая будзе перадавацца як скарб, з пакалення ў пакалення.

— А як ваша маці адрэагавала на такі незвычайны падарунак?

— Калі я падняла дах і ўключыла ў хатцы святло, яна таксама пачала плакаць. На той момант наша радавое гняздо яшчэ належала нам. Мінулай вясной мы ездзілі туды на Радаўніцу і прыхапілі з сабой яго мініяцюрную копію. Для мяне было вельмі важна, каб яны пазнаёміліся, каб маленькая хатка пабывала ўнутры вялікай. Не так даўно мы перадалі бабулін дом у добрыя рукі знаёмых нашай сям’і…

…Я вельмі ўдзячная Сняжане і Аляксею. Я даверыла ім каштоўную частку майго сэрца, і яны беражліва і з любоўю падарылі ёй працяг. Дзякуючы іх таленту, цяпер памяць пра хатку будзе жыць не толькі ў маім сэрцы, але і на кніжнай паліцы. Кожны раз, калі гляджу на яе, адчуваю спакой, цеплыню, любоў, абарону.

Зазіраю ў акенца, у якім гарыць цёплае святло, — і згадваю сваё дзяцінства, уяўляю, што зноў сяджу на печы (на месцы празрыстай здымнай сцяны, якая аберагае ад пылу, у рэальнасці знаходзіцца печ) і зверху назіраю за дарослымі, слухаю, што яны абмяркоўваюць.

Ці вось прайшло шумнае свята, і мы сядзім з кніжкамі і семкамі, ужо вузкім колам. Нехта на канапе, а нехта за сталом. У гэтым доме, непасрэдна ў гэтым пакоі.

Хоцімск і наша хатка — гэта мая моц на ўсё жыццё, месца сілы і любові назаўсёды. Калі мне цяжка, я заўсёды думкамі вяртаюся туды, дзе, маленькая, гуляю з братам і сябрамі ў «Казакі-разбойнікі» ды будую шалаш з галінак і лісця, а ў двары бабуля з дзядулем чакаюць нас з поўнай міскай суніц з нашага агарода. І ўсе праблемы падаюцца ўжо не такімі страшнымі, жыццё становіцца прасцейшым і святлейшым.

Чытайце таксама:

Беларусы зрабілі дакладную копію дома Шэрлака Холмса. Толькі ў 23 разы меншую

Акунуцца ў настальгію. Мінчукі ствараюць дамкі з вашага дзяцінства ў мініяцюры

«Там мы з дзядулем капалі бульбу, збіралі вішні і баяліся бабулю». Беларусы вырабляюць маленькія копіі вясковых хатак

Ліхтарык у выглядзе беларускай хаткі завірусіўся ў тыктоку і выклікаў цёплыя пачуцці ВІДЭА

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0