Фота: Fatima Shbair / AP

Фота: Fatima Shbair / AP

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) наносіць інтэнсіўныя авіяўдары па горадзе Рафах, у якім хаваюцца, як сцвярджаюць улады Газы, каля паўтара мільёна чалавек, якія пакінулі паўночныя раёны сектара пасля пачатку ваеннай аперацыі ізраільскіх войскаў — больш за палову ўсяго насельніцтва анклава, піша Бі-бі-сі.

ЦАХАЛ таксама паведаміў аб вызваленні двух закладнікаў, захопленых ХАМАС 7 кастрычніка. Прэс-аташэ ЦАХАЛ паведаміў, што закладнікі знаходзяцца ў «добрым» стане і адпраўленыя ў бальніцу на медагляд.

Ізраіль заявіў, што нанёс удары па паўднёвай частцы сектара Газа, а Міністэрства аховы здароўя, падкантрольнае ХАМАС, паведаміла пра як мінімум 67 загінулых.

Відавочцы ў горадзе распавялі пра начныя авіяўдары па поўначы і цэнтры Рафаха. Верталёты і катары таксама былі задзейнічаныя ў атацы, распавялі жыхары.

У заяве, апублікаванай у сацыяльных сетках, Армія абароны Ізраіля паведаміла, што ў ходзе начной сумеснай аперацыі ЦАХАЛ, Агенцтва бяспекі Ізраіля Шын-Бэт і паліцыі Ізраіля былі выратаваны два ізраільскія закладнікі з кібуца Нір-Іцхак: Фернанда Сімон Марман (60 гадоў) і Луіс Хар (70 гадоў).

Выратаваныя закладнікі былі дастаўленыя ў медыцынскі цэнтр «Шыба» ў цэнтры Ізраіля для абследавання.

Са слоў прадстаўніка ЦАХАЛ контрадмірала Даніэля Хагары, закладнікаў выявілі на другім паверсе ў адным з будынкаў у Рафаху.

Хагары паведаміў, што ізраільскія войскі вялі «інтэнсіўныя перастрэлкі адначасова ў некалькіх месцах з многімі тэрарыстамі».

У нядзелю Міністэрства аховы здароўя Газы, кіраванае ХАМАС, сцвярджае, што за мінулы дзень ізраільскія вайскоўцы забілі яшчэ 112 палесцінцаў, у выніку чаго агульная колькасць загінулых перавысіла 28 100 чалавек, а параненых — больш за 67 500.

Магчымае наступленне на Рафах абмяркоўвалася ўжо некалькі дзён. Шэраг краін і міжнародных арганізацый выказалі занепакоенасць з нагоды ваенных дзеянняў у перанаселеным горадзе — прадстаўнік ААН па гуманітарных пытаннях заявіў, што цяпер ім няма куды бегчы.

Да таго ж праз КПП «Рафах», размешчаны ў горадзе, у Газе дастаўляюць гуманітарную дапамогу. На сёння гэта адзіны дзеючы маршрут для дастаўкі ў Газе такой неабходнай ежы, вады і медыкаментаў.

У нядзелю прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў прэм'ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньяху, што наступ на Рафах не павінен адбывацца без мер па гарантаванні бяспекі цывільнага насельніцтва.

Па словах Байдэна, Ізраілю неабходны «надзейны і выканальны план» па абароне жыхароў горада.

Прадстаўнікі ХАМАС заявілі, што ахвярамі наступу на горад могуць стаць дзясяткі тысяч чалавек, і што любая аперацыя ў Рафахе негатыўна адаб'ецца на ходзе перамоваў аб вызваленні ізраільскіх закладнікаў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў руках баевікоў.

«Мінулай ноччу Ізраіль правёў ваенную аперацыю, — сказала ў інтэрв'ю Бі-бі-сі Гада Аль-Курд, маці дваіх дзяцей. — Яны забілі шмат палесцінцаў, а мы ў гэты час спалі ў сваіх дамах, але гэта знак для нас як мага хутчэй пакінуць Рафах, бо ў іншых гарадах — Хан-Юніс і Газе — усё адбывалася па тым жа сцэнары».

Гада распавяла, што чакае аб'явы плана эвакуацыі: «звычайна яны раскідваюць улёткі і публікуюць у сацыяльных сетках інфармацыю пра тое, куды трэба эвакуявацца. Так што мы чакаем».

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
1