Экс-палітвязень, блогерка Вольга Такарчук, якая тэрмінова з'ехала з Беларусі, просіць аб дапамозе:

«Мяне завуць Такарчук Вольга. Я блогерка. Мая гісторыя пачалася з моманту, калі Сяргей Ціханоўскі вырашыў вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Я тады глядзела ягонае відэа і разумела, што не магу застацца ў баку.

Пазней, калі Сяргея затрымалі і замест яго вылучылася Святлана, я запісала некалькі эмацыйных відэа, якія заўважылі людзі, і пачалі падпісвацца. Так я нечакана для сябе стала блогеркай.

Таксама я была незалежнай назіральніцай. А пасля выбараў не прапусціла ніводнага маршу, уключаючы маршы пенсіянераў. Я запісвала матывавальныя відэа, каб у людзей не апускаліся рукі, і каб яны не спыняліся верыць у перамогу. На жаль, відэа з майго канала на YouTube давялося выдаліць дзеля бяспекі тых, хто патрапіў у кадр.

У студзені 2021 года мяне першы раз затрымалі па артыкуле 23.34 (арт 23.34 КаАП РБ — парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пасля яшчэ раз, і яшчэ. Агулам 4 разы. Ва ўсіх выпадках давалі штраф 30 базавых, плюс увесь час ад суда да суда я была на Акрэсціна. Потым на мяне завялі першую крымінальную справу па артыкуле 391 (арт. 391 КК РБ — абразу суддзі ці народнага засядальніка) за абразу суддзі і праз тры дні адпусцілі па паручальніцтве бацькі і пад падпіску аб нявыездзе. Я разумела, што калі справа дойдзе да суда, мне могуць даць рэальны тэрмін. Але нягледзячы на ўсе рызыкі, я вырашыла застацца.

19 траўня 2021 года да мяне прыйшлі з ператрусам і літаральна знішчылі кватэру, а мяне забралі па 342 артыкуле (арт 342 КК РБ — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Праз 3 дні дадалі яшчэ адзін артыкул 188 (арт. КК РБ 188 — паклёп) і адправілі ў Жодзіна, дзе намалявалі яшчэ 2 эпізоды да 342 артыкула.

Сем месяцаў я правяла ў Жодзіна ў чаканні суду. Потым быў этап на Валадарку і суд, які пакараў мяне паўтара гадамі калоніі. Я выйшла на волю ў чэрвені 2022 года, цалкам адседзеўшы прызначаны тэрмін. А праз 4 месяцы пасля вызвалення — у кастрычніку 2022 года — мяне ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. Але я ўсё адно хацела застацца ў Беларусі, каб быць побач з дарагімі мне людзьмі.

Нашае жыццё паламалі 23 студзеня 2024 года, калі ў 7:30 раніцы прыйшлі супрацоўнікі КДБ і забралі мяне на допыт па справе INeedHelp. На шчасце, тэлефон мой быў пачышчаны, таму нічога толкам прад'явіць мне не атрымалася. Мяне пратрымалі да вечара, склалі пратакол, забралі тэлефон і адпусцілі.

Аднак у той жа дзень затрымалі і маю маці. Цяпер яна пад следствам у Жодзіна. Мы з татам зразумелі, што і на яго таксама будуць заводзіць крымінальную справу, таму вырашылі з'яжджаць. Тата не вытрымаў бы турмы, ды і я не перажыла б чарговага тэрміну і расстання з дзецьмі.

Таму 27 студзеня 2024 года я, дзеці і тата — мы з'ехалі. Стан бацькі жудасны, бо ягонае жыццё павалілася за тры дні. А на мне тата-пенсіянер ужо без пенсіі і двое маленькіх дзяцей. Просім любой дапамогі!» — піша яна.

Дапамагчы Вользе Такарчук

Чытайце таксама:

Маму былой палітзняволенай Вольгі Такарчук затрымалі па крымінальнай справе, сама Такарчук з татам выехалі

Клас
5
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
61
Абуральна
19