Эмацыйны зварот ветэрана працы Любові Ермалаевай, якая заявіла аб пераходзе ўладамі «чырвоных ліній» і паабяцала пікет пад аблвыканкамам у тыктоку, заўважыў «Флагшток». 

«У чэрвені пацякла смярдзючая вада. Завезла ў санстанцыю, каб праверыць. Аналізы паказалі перавышэнне нормы нітратаў. (…) Вада мае пах «хіміі», хаця вакол лес, няма ні калгаса, нічога няма. І пачаліся мае хаджэнні па пакутах». 

Жанчына звярталася да памочніка прэзідэнта па Гомельскай вобласці. Той, паводле слоў вяскоўкі, даў указанне старшыні Гомельскага райвыканкама даабследаваць свідравіну, але «нічога гэтага зроблена не было». У выніку ў канцы снежня пенсіянерка звярнулася да старшыні аблвыканкама Івана Крупко. Той сказаў, што неабходна пачысціць студню, якая знаходзіцца па суседстве са свідравінай і можа быць прычынай траплення нітратаў у ваду. 

Прадстаўнікі ЖКГ прыехалі чысціць студню, але кольцы там сталі ссоўвацца, і чалавек там ледзь не загінуў. 

Пасля гэтага вяскоўка звярнулася да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, распавяла жанчына, паказваючы стос папераў — адказаў мясцовых уладаў, і зачытала «самы страшны», паводле яе слоў, адказ:

«Гомельскі аблвыканкам, разгледзеўшы ваш зварот, інфармуе, што ў аўтамагазіне да рэалізацыі прапанавана бутэляваная вада». 

 «Я купляю ваду ў аўталаўцы, а каб прывесці сябе ў парадак, езджу за 17 кіламетраў і бяру там ваду», — гаворыць жанчына.

Пенсіянерка дадае, што замест вырашэння праблемы ёй прапанавалі за свае грошы паглыбіць свідравіну, каб вада стала чыстай. Гэта абурыла вяскоўку:

«Аляксандр Рыгоравіч, вы ўвесь час кажаце, што чырвоную лінію пераходзіць нельга. Нашыя ўлады перайшлі чырвоную лінію. Пункт кіпення ўжо пройдзены (…) Я таплю снег, каб напаіць курачак. Гэта вёска для жыцця ці для здзекавання гомельскіх улад? Я ўжо не кажу пра чыстку дарог — ні пра што не дагавару. Але прымусіць пенсіянерку купляць ваду…»

Жанчына кажа, што ўвесь час галасавала за Лукашэнку і ў 2020 годзе «плакала, каб не дай Бог…»

У выніку пенсіянерка заявіла, што вырашыла намаляваць плакат з надпісам «Хачу жыць і піць чыстую ваду» і адправіцца з ім на пікет да Гомельскага аблвыканкама.

Журналісты знайшлі публікацыі аб праблеме жанчыны ў афіцыйнай газеце Гомельскага райвыканкама. У лістападзе 2023 года выданне «Маяк» пісала аб тым, што рэдакцыя накіравала лісты ў інстанцыі і сочыць за развіццём сітуацыі. А ў лютым 2024 года — аб тым, што «застанецца на сувязі з Любоўю Яўгенаўнай» і зноў будзе сачыць за развіццём падзей.

Пры гэтым рэдакцыя спаслалася на каментары пад ролікамі ў TikTok: «Вядома, сітуацыя няпростая. Што цікава, у каментарах да відэа ў сацыяльнай сетцы меркаванні людзей падзяліліся. Вядома, ёсць тыя, хто спачувае пажылой жанчыне. Але большасць лічыць, што яна павінна сама вырашыць сваё пытанне, бо гаворка ідзе пра водазабеспячэнне асабістага падворка».

Чытайце таксама:

З дырэктарам рыбакансервавага камбіната «Сталічны» запісалі пакаяннае відэа

«Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці». Сітуацыю на рыбакансервавым камбінаце пракаментавала і Мінпрацы

Работнікі мінскага рыбакансервавага камбіната не атрымліваюць пяць месяцаў заробак. Яны запісалі зварот да Лукашэнкі

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
19
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4