Спектакль «Тут была Клара» (рэжысёр Таццяна Аксёнкіна) ствараўся па п'есе Ксеніі Шталенковай «Memoria Nominis Clara».

«Калі пачалася пандэмія каранавірусу, узнікла адчуванне: нешта будзе незваротна згублена, бо людзі мінімізавалі кантакты, многія вымушана заставаліся дома і кожны перажываў сваё адчуванне бездапаможнасці, якое заставалася нямым у гарадской прасторы. Гэта вывела мяне ў каардынаты разважанняў пра Халакост, пра важнасць гістарычнай памяці і пра тое, як яна праяўляецца ў мінскім асяроддзі. Так атрымалася выбудаваць уяўны дыялог з прабабуляй — вязніцай Асвенціма. Гэта, дарэчы, падштурхнула расказаць пра сям'ю мастакоў, якія не перажылі Халакост. Хтосьці загінуў на тэрыторыі Мінскага гета, дзе цяпер знаходзіцца Мемарыял «Яма». А хтосьці не змог справіцца з сямейнай трагедыяй», — распавядала драматург дзяржаўнаму выданню «СБ. Беларусь сёння» за некалькі дзён да прэм'еры.

І ў гэтай публікацыі, і ў сацыяльных сетках Тэатра сцвярджалася, што першы паказ адбудзецца 27 студзеня. Але затым на афіцыйным сайце з'явілася інфармацыя аб адмене спектакля — нібыта з-за хваробы акцёра.

А ўжо ў дзень прэм'еры, 27 студзеня, у сацыяльных сетках моладзевага была апублікаваная інфармацыя пра тое, што «ў тэатры працягваецца праца над спектаклем». Гэта супярэчыць інфармацыі пра хваробу акцёра як асноўнай прычыне адмены. Бо калі пастаноўка была гатовая і ёй перашкодзіла толькі хвароба, уносіць карэкціроўкі няма неабходнасці.

Акрамя таго, з сайта Тэатра наогул выдалілі старонку пра спектакль. Захаваную копію можна знайсці ў архіве. На старонцы пазначана, што, акрамя прэм'ернага, быў запланаваны яшчэ адзін паказ — 25 лютага. Але цяпер на гэты дзень у афішы стаіць іншы спектакль — «Каханне ўтраіх». У лютаўскай афішы пастаноўкі «Тут была Клара» няма.

Чытачы распавялі, што ў пастаноўку «Тут была Клара» ўмяшалася цэнзура: спектакль на нейкім з этапаў зацвярджэння не прынялі чыноўнікі. У пастаноўку павінны ўнесці карэкціроўкі, пасля чаго ён, магчыма, зноў з'явіцца ў афішы.

Гэта не першы такі выпадак. У лістападзе 2022 года ў Мінскім музычным тэатры прыйшлося скараціць аперэту «Герцагіня з Чыкага» на 20 хвілін дзеля дазволу на паказ.

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
7