Парафіяне касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах даведаліся, што ў храме давялося адключыць прайграванне мелодый новай сістэмы электронных званоў, піша katolik.life.

Вернікам не паведамлялі, які канкрэтна дзяржаўны орган настаяў на такім рашэнні, аднак вядома, што пасля атрымання скаргаў на «шум» ад званоў гэтым пытаннем займаліся раённыя пракуратура, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, а таксама райвыканкам.

Нагадаем, кампанію супраць званоў касцёла ініцыявалі трое мясцовых жыхароў.

Як распавялі ў парафіі, цяпер сістэма прайграе толькі бой званоў а 12-й гадзіне і перад святой імшой. Абедзве мелодыі, якія пачыналі і завяршалі дзень, давялося адключыць — нягледзячы на тое, што ў лісце ў пракуратуру вернікі паведамлялі пра абмежаванне сваіх правоў і даказвалі, што не парушаюць закон, у якім прапісаны нарматыў шуму.

Аднак, хоць паводле закона і не абавязаны былі гэта рабіць, у парафіі пайшлі насустрач і адключылі мелодыі.

У прыватнасці горад застаўся без вячэрняй звонавай мелодыі вядомай песні-малітвы «Паненцы на дабранач». Гэта зварот да Божай Маці з просьбай аб дабраслаўленні на надыходзячую ноч. У песні ёсць, напрыклад, такія словы: «Клопат твой рассейвае начны змрок. Усыплёным вёскам, закалыханым гарадам, Паненка, падары шчаслівую, добрую ноч!»

У парафіі дадалі, што не спыняюць малітву аб магчымасці гучання над горадам бою званоў і мелодый, а таксама аб навяртанні да Бога тых, хто скардзіўся на касцёл.

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
32