Ігар Марзалюк

Ігар Марзалюк

Трэба патлумачыць, у чым асаблівасці пралукашэнкаўскіх «аўтарскіх» тэлеграм-каналаў.

Па-першае, у большасці з іх мізэрная колькасць чытачоў.

У даносчыцы Вольгі Бондаравай не набіраецца і 1200 падпісчыкаў, і пры гэтым яна адна з лідарак. У яе сяброўкі з канала «Белоруска ТОПИТ» — каля 1000. Адносна на іх фоне ліберальны «Графач» мае ўсяго 575 падпісчыкаў. Канал Paganus, які здзекуецца з цемрашальства Бондаравай, за паўгода працы набраў «ажно» 60 чытачоў. А ёсць каналы і з яшчэ меншай колькасцю падпісчыкаў.

Выключэнні — раскручаныя праз тэлебачанне персанажы кшталту Рыгора Азаронка, Аляксея Дзерманта, Ігара Тура.

Па-другое, уласнага кантэнту ў гэтых каналаў-карлікаў ва ўсіх вобмаль.

Яны альбо рэпосцяць сяброў, альбо кпяць з ворагаў. У найлепшым выпадку пішуць свае рэфлексіі на допісы суседзяў-канкурэнтаў. Але колькасць гэтага аднастайнага кантэнту сапраўды бясконцая. Міма выказвання Марзалюка не прайшоў, здаецца, ніхто з пралукашэнкаўскіх персанажаў і ананімаў.

Задае тон, вядома, Бондарава:

«Калі ў сучасных гістарычных умовах ты называеш сябе «ніякім не рускім, не беларусам, не ўкраінцам, не еўразійцам», а еўрапейцам, то ты аўтаматычна прызнаеш сябе прыхільнікам светапогляду кіраўнікоў Заходняй Еўропы, гэта значыць еўрагеяў. І, адпаведна, аўтаматычна адмаўляеш любы дзяржаўны суверэнітэт. Нас, беларусаў, суверэнітэт».

Ёй на гэта адказвае Paganus, звяртаючы ўвагу на перакручванне ёй слоў Марзалюка праз незвяртанне ўвагі на тое, што той выкарыстоўвае хай сабе падобныя, але іншыя часціцы «не» і «ні», таму і сэнс прыведзенай Бондаравай цытаты мяняецца:

«Яшчэ адна тугаватая на вуха падцягнулася… «Мы еўрапейцы. Ніякія мы не еўразійцы, ні рускія, ні беларусы, ні ўкраінцы, гэта ўсё трызненне» Вось вам і ўзровень дыскусіі ды спекуляцыі…»

Бондарава, аднак, не здаецца:

«Зайшла на сайт МЗС РФ, азнаёмілася з канцэпцыяй замежнай палітыкі Расеі. Там чорным па белым напісана, што Расія ёсць еўразійская і еўра-ціхаакіянская дзяржава. Такое вось у яе асаблівае становішча. Якое прафесійны гісторык называе трызненнем».

Іншы апанент Бондаравай, канал «Аналитические гусли», у адказ празрыста намякае на яе слабую ў параўнанні з Марзалюком адукацыйную базу:

«Цалкам зразумела, што студэнты другога курса ўніверсітэта не маюць дастатковых ведаў для таго, каб каментаваць выказванні прафесара гістарычных навук, таму яны гэта не робяць. Але ёсць сярод іх асабліва «адораныя».

Але на баку Бондаравай, як заўсёды, гуляе верная сяброўка «Белоруска ТОПИТ», якая падкідае дроўцаў палітычнымі абвінавачаннямі на адрас Марзалюка:

«Чаму вы потым дзівіцеся з'яўленню русафобаў, людзей з гістарычнай кашай у галаве? Хоць з вуснаў дадзенага дзеяча Крым украінскім быў, і на перапахаванне Каліноўскага ездзіў, пазітыўная дыскрымінацыя рускай мовы… Без каментароў. Адзінае, што магу сказаць — разумеючы, як працуе медыйнае поле цяпер, ён робіць сабе кампанію, не сочыць за базарам, разумеючы цалкам сваю беспакаранасць».

Але «Аналитические гусли» і яе б'юць тым жа аргументам:

«Вечная нявеста і па сумяшчальніцтве эксперт па каўбасных назвах не засталася ў баку і выказала сваё аўтарытэтнае меркаванне аб канцэпцыі еўразійства».

Але аўтар канала «Крысолов» ставіць пад сумнеў і кампетэнцыі Марзалюка:

«Ад заяваў «прафесійнага» гісторыка ахрэнеў нават журналіст БелТА. Цікава, як будуць кнігі «еўрапейца» прадавацца пасля такога інтэрв’ю?»

Іншыя ж, наадварот, бяруць бок афіцыёзнага гісторыка. Так, канал «Верашчака» не хавае свайго захаплення:

«Гісторык пра ўзнікненне і сутнасці канцэпцыі еўразійства. Адразу адзначым, што гэта канцэпцыя, як і скіфства, аўтарам канала ніколі не падабалася. Цудоўна, што Ігар Аляксандравіч расставіў усё на свае месцы. Як заўсёды, даходліва і зразумела!»

Без такога захаплення, але фактычна ў тую ж дуду дзьме і «Графач»:

«Аснову рускай цывілізацыі і ўсіх яе вытворных складаюць хрысціянства і рамана-германская прававая сістэма. У шырокім сэнсе гэта тычыцца грамадскіх адносін, палітыкі і нават бытавога ўкладу. Усё ідзе з усходнееўрапейскай славянскай традыцыі. А вось еўразійства — гэта чыстай вады штучная хімера, да таго ж настолькі нежыццяздольная, што яе заўсёды даводзіцца дапаўняць ультраправымі альбо радыкальна левымі надбудовамі».

Не мог прайсці міма дыскусіі і Аляксей Дзермант, які з «еўразійства» корміцца ўжо шмат гадоў, а таму і пазіцыя ягоная прагназаваная:

«Калі еўразійства — гэта «трызненне», то што мы робім у Еўразійскім эканамічным саюзе, які ўзнік, у тым ліку, і нават непасрэдна дзякуючы еўразійству? Калі ў беларусаў выключна ўсходнееўрапейская славянская ідэнтычнасць, то нам трэба будаваць саюз перш за ўсё з палякамі, украінцамі, чэхамі, балгарамі. А мы ўсе разумеем, што гэта азначае падпарадкаванне ім, а па факце Заходняй Еўропе, Еўраатлантыцы. Рускія — гэта заўсёды еўразійцы, яны большыя і шырэйшыя за любую Еўропу».

З гэтага смяецца нават вядомая змагарка з «русафобіяй» Эльвіра Мірсалімава:

«У Лёшы наступіла чорная паласа. А я нагадаю, што гісторык Герман Артамонаў назваў еўразійства «самай подлай формай русафобіі, якая апранаецца ў патрыятычнае адзенне».

Дыскусіі на гэту тэму працягваліся ўвесь дзень. І праз іх змест пацвярджаецца даўно заўважаны падзел лукашыстаў-прапагандыстаў на два асноўныя лагеры.

Першы — радыкальныя русафілы кшталту Бондаравай, якія рашуча адмаўляюць існаванне ўсяго еўрапейскага і ўсяго беларускага.

Прадстаўнікі ж другога лагера, чыю пазіцыю выказаў Марзалюк, нягледзячы на сваю поўную падтрымку рэжыму Лукашэнкі і звязванне сваёй персанальнай будучыні менавіта з ім, усё ж не лічыць сябе рускімі, спрабуюць глядзець на сітуацыю шырэй і выступаюць за культывацыю і падтрымку беларушчыны, хай сабе і разумеюць яе вельмі своеасабліва.

Але ў той жа час мусяць рабіць гэта так, каб незнарок не супасці поглядамі з тымі, каго звыклі пагардліва называць «змагарамі» і «беглымі», і тым самым не выклікаць на сябе агню рэпрэсій. Што, канешне, задача вельмі цяжкая. 

Чытайце таксама:

Бягун — Бондаравай: Забылася, як выцоквала набойкамі з ГУБАЗіКа з выглядам аба*ранага янота?

«Хтосьці за ёй стаіць». Чаму чыноўнікі слухаюцца Бондараву

«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы

«Не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай». Ідэолаг з «Белай Русі» выступіла з нечаканым прызнаннем

Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

Клас
11
Панылы сорам
10
Ха-ха
51
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
12