Вадзім Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Прычынай затрымання сталі некалькі данатаў. Да суда яго змясцілі пад варту — у СІЗА-1, піша «Вясна».

4 жніўня 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Хрыпач асудзіў палітвязня да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён падаў апеляцыйную скаргу.

13 кастрычніка судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд Вадзіму Храсько ў сіле. Мужчыне прызначылі пазбаўленне волі, нягледзячы на тое, што ў яго было сур'ёзнае захворванне.

3 лістапада МУС унесла Вадзіма Храсько ў «спіс экстрэмістаў».

Адбываць тэрмін Вадзіма адправілі ў віцебскую калонію № 3, дзе ён, па падліках праваабаронцаў, прабыў каля двух месяцаў.

Палітзняволены памёр у ноч на 9 студзеня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», Вадзім меў шэраг захворванняў і вельмі хварэў у зняволенні. Афіцыйнай прычынай смерці стала пнеўманія. У бальніцу яго даставілі, калі ўжо нельга было яго выратаваць.

Афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць інцыдэнту ў віцебскай калоніі. 12 студзеня Вадзіма Храсько пахавалі ў Мінску.

Гэта чацвёртая смерць палітвязня за кратамі (Вітольд Ашурак, 21 мая 2021 года, Мікалай Клімовіч, 5 мая 2023 года, Алесь Пушкін, 11 ліпеня 2023 года, Вадзім Храсько, 9 студзеня 2024 года).

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
62
Абуральна
129