Існуе стэрэатып: вязаць спіцамі, кручком — доля бабуль, якія выйшлі на пенсію. Але Вольга Касабуцкая разбурае яго цалкам. Да статусу бабулі ёй яшчэ вельмі далёка — яна мама дзвюх дзяўчынак-школьніц, нараджэнне якіх і паспрыяла таму, каб узяць спіцы ў рукі.

Вольга Касабуцкая

Вольга Касабуцкая

«Яшчэ падчас вучобы ў школе я з задавальненнем вязала, — расказвае Вольга. — Але гэта былі адзінкавыя экзэмпляры — шкарпэткі, шалікі, шапачкі — для сябе або для родных, якія, дарэчы, заўсёды з радасцю прымалі такія падарункі. Тады ж захапілася пацеркамі: майстравала ўпрыгажэнні, каралямі ўпрыгожвала вязаныя вырабы.

Вучоба ва ўніверсітэце Куляшова ў Магілёве стала збольшага працягам майго захаплення — скончыла факультэт пачатковых класаў, аддзяленне — выяўленчае мастацтва».

Жанчына прызнаецца, што нараджэнне першай дачкі стала штуршком для стварэння эксклюзіўнага адзення для малых — капялюшыкаў, камбінезонаў, а да іх наборам — шалікаў і рукавічак.

Сяброўкі, якія маюць дзяцей такога ж узросту, пачалі заказваць маладой маме выраб чагосьці асаблівага і для сваіх дзяцей. Далей — больш: усё большая цікавасць да вязаных шкарпэтак, якія з'яўляюцца бясспрэчным сімвалам хатняга цяпла і выгоды, і з боку дарослых «прымусіла» пашырыць лінейку прапаноў. Майстэрскае валоданне кручком дазволіла ствараць жаночыя ўпрыгажэнні і абярэгі.

Вольга Касабуцкая

Вольга Касабуцкая

«Мае абярэгі для сну шматфункцыянальныя: іх форма і малюнак маюць заспакаяльны эфект, а яшчэ яны здольныя ўпрыгожыць або ўразнастаіць любы інтэр'ер. Абярэгі ствараю і пад замову, гэта значыць пад канкрэтнага чалавека з улікам яго характару, узросту, захапленняў. Нават для нованароджаных, для якіх выкарыстоўваю толькі натуральныя матэрыялы», — расказвае майстрыха.

Вырабы Вольгі Касабуцкай

Вырабы Вольгі Касабуцкай

Пасля нараджэння другой дачкі яна вырашыла на працу ў школу не вяртацца, хоць прызнаецца, што справу сваю вельмі любіла, як і дзяцей, для якіх ніколі сябе не шкадавала. Але менавіта з гэтай прычыны ёй давялося б да мінімуму скараціць зносіны з уласнымі дзецьмі, а яны, як вядома, растуць хутка.

Вырабы Вольгі Касабуцкай

Вырабы Вольгі Касабуцкай

«Магілёўскі цэнтр занятасці выдзеліў мне для развіцця сваёй справы бязвыплатную субсідыю. На гэтыя грошы я набыла пражу оптам. Там жа прайшла бізнэс-курсы, якія далі прававую і эканамічную аснову для рамесніцкай дзейнасці.

Для пашырэння асартыменту прайшла некалькі навучальных курсаў, у тым ліку ў рэжыме анлайн, што вельмі зручна. Дзякуючы ім я навучылася фарбаваць пражу ў хатніх умовах, адсочваю модныя трэнды і тэндэнцыі трыкатажных вырабаў», — прызнаецца Вольга.

Выраб Вольгі Касабуцкай

Выраб Вольгі Касабуцкай

І дапаўняе:

«Ніколі двух аднолькавых вырабаў не звязала, нават, калі замаўляюць, напрыклад, для мужа і жонкі шкарпэткі. Стараюся прыдумаць маленькае, ледзь прыкметнае адрозненне. І не толькі каб яны не блыталіся. Не люблю паўтарацца».

А яшчэ яна прызнаецца, што вязаныя вырабы, асабліва шкарпэткі, на кірмашах прыцягваюць людзей нейкім магічным чынам:

«У асноўным гэта людзі ва ўзросце, якія ўмеюць вязаць або вучацца. Яны збіраюцца вакол латка, пераглядаюць і ўспамінаюць свае гісторыі з жыцця: як авечак стрыглі, пражу рабілі, вопратку сабе вязалі, дзецям, родным. Успамінаюць сваякоў, якія доўгімі зімовымі вечарамі сядзелі пры кепскім асвятленні і стваралі рэчы, якія і грэлі, і ўпрыгожвалі, і радавалі.

Слухаючы іх, я ўсё больш пераконваюся, што вязанне — гэта не проста рамяство. Гэта нейкая сувязь паміж пакаленнямі, гэта памяць на падсвядомым узроўні. Напэўна, і таму таксама мне прыемна ім займацца».

Вырабы Вольгі Касабуцкай

Вырабы Вольгі Касабуцкай

Свае вырабы Вольга прадае на кірмашах, якія праходзяць у Магілёве. Напрыклад, шкарпэткі ў залежнасці ад памеру і ўзору каштуюць ад 10 да 40 рублёў. У гэтым жа самым цэнавым дыяпазоне — кошт шалікаў і рукавіц. Жаночыя ўпрыгожванні ручной працы і абярэгі яе можна купіць у Магілёве ў краме «Тыбет» (вуліца Лепяшынскага, 14). Акрамя таго, Вольга ўжо некалькі гадоў супрацоўнічае з мінскай крамай «Рагна» (вуліца Сухая, 4).

Чытайце таксама:

«Маёй ідэяй было даць старой вопратцы новае жыццё». Жыхарка Баранавіч з ношанага адзення стварае дызайнерскае 

«Вышыты ручнік вылечваў людзей». Мінчанка стварае ўпрыгажэнні па матывах беларускіх арнаментаў

«Я магла б яшчэ вышыць. Толькі б знаць, ці нада гэта каму». Як жывуць апошнія жыхаркі апусцелых вёсак

Клас
34
Панылы сорам
2
Ха-ха
8
Ого
6
Сумна
10
Абуральна
18