За мінулы святочны і два выходныя дні на беларускіх дарогах затрыманы 444 нецвярозыя кіроўцы.

Самая вялікая колькасць п’яных кіроўцаў была выяўлена ў суботу, 26 снежня, — 157 чалавек, крыху менш 27 снежня — 156, а 25 снежня — 141. У мінулыя выхадныя дні — 19 і 20 снежня — было выяўлена адпаведна 110 і 107 выпадкаў кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

Акрамя таго, у ДАІ паведамілі, што за тры выхадныя дні па віне п’яных кіроўцаў у Беларусі адбылося два ДТЗ, у якіх загінулі або пацярпелі людзі.

Нагадаем, што на тэрыторыі ўсёй краіны да 31 снежня праводзіцца акцыя «Спыніць бяду!». Працуюць мабільныя пункты, у якіх работнікі аховы здароўя ажыццяўляюць агляд кіроўцаў з дапамогай медыцынскага абсталявання.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што, кіруючы аўтамабілем у нецвярозым стане, кіроўца можа пазбавіцца правоў на 3 гады.

Яму таксама давядзецца заплаціць штраф у памеры ад 15 да 35 базавых велічынь (адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.). Калі пры гэтым чалавек, які сеў за руль, не мае вадзіцельскіх правоў, прадугледжаны штраф да 45 базавых велічынь. За кіраванне аўтамабілем у п’яным выглядзе паўторна на працягу года яго прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?