Як паведамляе расійскае інфармацыйнае агенцтва «Прайм Крайм», якое спецыялізуецца на крымінальнай тэматыцы, з калоніі Галееў з'ехаў у Магілёўскую вобласць да месца пражывання сваёй жонкі.

Раней пра яго сямейнае становішча нічога не было вядома, магчыма, шлюбам ён пабраўся ў месцах пазбаўлення волі.

Дзмітрый Галееў — ураджэнец вёскі Станькава Мінскай вобласці, раней неаднаразова судзімы.

Да нядаўняга часу Галеева называлі адзіным «законнікам»-доўгажыхаром беларускага паходжання: яго «каранавалі» ў 23 гады ў 1998 годзе.

Беларуская міліцыя збіралася арыштаваць Галеева з 2005 года, каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці за вымагальніцтва. Паводле звестак МУС, Галееў са змоўшчыкамі ў 2003 годзе вымагалі ў прадпрымальніка з Жодзіна 18 тысяч даляраў. Але доўгі час нічога з ім зрабіць не ўдавалася, бо ён знаходзіўся за межамі Беларусі — спачатку ў Расіі, а пасля ў Швецыі. 

У Швецыі Галееў цалкам паспяхова займаўся бізнэсам — быў бенефіцыярам сеткі рэстаранаў, але і з крымінальным жыццём не завязваў. Урэшце ў сакавіку 2013 года ён быў затрыманы паліцыяй і ў той жа дзень дэпартаваны са Швецыі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Адразу каля трапа самалёта ў Мінскім аэрапорце яго і арыштавалі.

Працэс па справе Галеева праходзіў у судзе Заводскага раёна Мінска пад узмоцненай аховай і ў закрытым рэжыме. На ім Галееў адмаўляўся прызнаваць сябе грамадзянінам Беларусі і сцвярджаў, што мае будыйскае імя, якое даў яму ў 2010 годзе «прадстаўнік таварыства «Рух жывога Буды».

13 сакавіка 2014 года суд прызнаў Дзмітрыя Галеева вінаватым у вымагальніцтве па справе 10-гадовай даўніны і прысудзіў яго да пазбаўлення волі на 11 гадоў у калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Пасля па амністыі тэрмін пакарання яму паменшылі на год.

Частку пакарання «злодзей у законе» адбываў у ПК-9 у Горках, пасля даседжваў у ПК-11 у Ваўкавыску і нарэшце ў Івацэвічах. У 2017 годзе яму дадалі 1 год і 11 месяцаў за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Для Галеева гэта была ўжо пятая судзімасць.

Увесь прызначаны тэрмін «злодзей у законе» не дасядзеў, па звестках «Прайм Крайм», год яму «скасцілі» па чарговай амністыі.

Чытайце таксама:

Банды 90-х. Як выглядалі ўдзельнікі беларускіх злачынных груповак ШМАТ ФОТА

Вынесены прысуд «злодзею ў законе» Сашы Кушнеру 

У Мінску пачаўся суд над злодзеем у законе Кушнерам. У свой час ён быў асуджаны на расстрэл

Клас
3
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
6
Абуральна
8