Аляксандр Сахашчык Александр Сахащик Alexander Sakhashchyk

Аляксандр Сахашчык. Скрын відэа @belarus-defense / YouTube

Маёр Аляксандр Сахашчык закончыў факультэт вайсковай разведкі і факультэт Генеральнага штаба Узброеных сіл Вайсковай акадэміі. Ён служыў у 33-м асобным атрадзе спецыяльнага прызначэння камандавання сіл спецыяльных аперацый.

Інтэрв'ю з ім выйшла на канале Валерыя Сахашчыка.

Як уцякаў з Беларусі

Аляксандр згадвае, што пасля таго, як яго бацька 27 лютага 2022 года выступіў са зваротам да беларускіх вайскоўцаў, яму давялося зрабіць свой выбар.

«Ацаніўшы рэакцыі камандавання сіл спецыяльных аперацый, контрыкаў (контразведчыкаў — НН), якія былі за намі замацаваныя, і добра разумеючы, як працуе гэта машына, я ацаніў сітуацыю і зразумеў, што ў мяне, па сутнасці, дзве сцежкі, якімі я магу далей рухацца.

Першая — танцаваць пад дудку сістэмы, якая рана ці позна прымусіла б мяне да таго, каб я стаў Паўлікам Марозавым і здрадзіў свайму бацьку і сваім унутраным інтарэсам і пачуццям. Магчыма, мяне б прымусілі даць нейкія інтэрвʼю, падобныя да тых, што давалі Белаконеў і Дзенісенка.

Другая сцежка — я адмаўляюся гэта рабіць. Перспектыва таксама нецікавая з-за таго, што магло б быць са мною ў краіне. Таму я выбраў трэці варыянт — пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».

Па словах Аляксандра, як толькі рашэнне было прынята, далей ужо быў «тэхнічны складнік»:

«Добра, што я валодаю ведамі і навыкамі, якія дазваляюць перайсці мяжу. У мяне было распрацавана некалькі маршрутаў, варыянтаў. Асноўныя, запасныя. Далей заставалася стварыць умовы, каб пра мяне на некаторы час забыліся. Што ў мяне, у прынцыпе, і атрымалася».

Аляксандр перайшоў беларуска-літоўскую мяжу, якая для яго была «самай знаёмай, зразумелай і простай».

«Было некалькі маршрутаў. Самы рэзервовы быў каля 35-40 кіламетраў без дапаможных сродкаў.

Я закрываў вочы і дакладна сабе ўяўляў гугл-карту, мясцовыя арыенціры, па якіх я рухаюся. І дакладна ведаў, куды я выйду. Спецыфіка была ў тым, што бяспечней было гэта рабіць днём. Пераплыў раку, ламаў лёд. Ёсць такі нарматыў — пераадоленне воднай перашкоды. Усё, як вучылі. Пераплыў на той бок, апрануўся і пайшоў здавацца мясцовым памежнікам».

Пра дзяцінства і выбар прафесіі

Успаміны пра дзяцінства выклікаюць у Аляксандра толькі станоўчыя эмоцыі. «Я дакладна не назаву сябе паслухмяным дзіцем. Дастаткова шмат было эпізодаў, калі чужыя бацькі скардзіліся на мяне маім бацькам. Выклікалі ў школу. Я прыходзіў з разбітым тварам і разбітымі рукамі.

Кожны бацькоўскі сход у школе заканчваўся сурʼёзнай размовай па душах з бацькам. Заўсёды было адно рытарычнае пытанне: «Чаму…?» У старэйшых класах (9—11-м) у мяне быў шанц адказаць «чаму» ў спарынгу з маім бацькам.

Ёсць прыклады сярод маіх знаёмых, калі іх бацькі проста, мякка кажучы, давалі ім кухталёў, а ў мяне быў шанц заўсёды адстаяць свае інтарэсы. І я лічу гэта правільным, бо з прычыны ўзросту (юначы максімалізм), табе падаецца, што ты робіш нешта сапраўды правільнае. Цяпер, вяртаючыся да таго часу, па-іншаму ўсё ацэньваеш і разумееш, што мамка правільна гаварыла зімою, каб надзеў шапку. А табе падавалася, што шапка з пампонам не надта крута.

Бацька стараўся мяне выхоўваць заўсёды так, каб мне ніколі не было сорамна за тыя ўчынкі, якія я здзейсніў. На гэтым і будавалася ўсё выхаванне — сумленнасць, прыстойнасць. Дужыя абараняюць слабых. І гэтыя простыя ісціны закладваліся з самога дзяцінства…. Я не шкадую, якім чалавекам вырас дзякуючы таму выхаванню, якое мне далі бацькі».

Дзяцінства ў ваенным гарадку вызначыла і выбар прафесіі:

«Я нарадзіўся і вырас у вайсковым гарадку. Маё дзяцінства мала чым адрознівалася ад дзяцінства маіх сяброў. Мы праводзілі дастаткова шмат часу на тэрыторыі 38-й брыгады. Я хадзіў на палявыя выхады з разведвальна-дэсантнай ротай і ўдзельнічаў у паказальных выступах.

У прынцыпе дастаткова шмат часу праводзіў на службе ў бацькі. Таму пытанне выбару прафесіі перад мною не стаяла. Я ведаў, што буду ваенным, ведаў, якія дысцыпліны трэба падцягнуць — фізіка, матэматыка, руская мова, — каб здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Я займаўся спортам і ведаў, што калі не паступлю, то пайду праходзіць тэрміновую службу і буду спрабаваць на наступны год паступіць», — згадвае Сахашчык.

Мужчына распавёў, што з бацькам было толькі адзінае рознагалоссе перад выпускам з Ваеннай акадэміі:

«Яму хацелася, каб я ішоў служыць у адну з дэсантных брыгад. А мне хацелася трапіць у адзін з афіцэрскіх атрадаў. На гэтую тэму ў нас было дастаткова бурнае абмеркаванне, шмат спрэчак. Але выбар я пакінуў за сабою».

Пра адносіны з маці

Аляксандр Сахашчык распавёў, што пазіцыя яго мамы кардынальна адрозніваецца ад пазіцыі бацькі.

«Яна ў мяне просты чалавек — доктарка-педыятр — і не цікавіцца палітыкай так, як цікавяцца ёй іншыя. Яна жыве адна (яны з бацькам разведзеныя дастаткова даўно), і ў прынцыпе, на гэтыя тэмы мы з ёй ніколі не размаўлялі. У яе свой светапогляд. Яна дастаткова веруючы чалавек, таму нейкія тэмы мы проста не падымаем. Кожны чалавек верыць у сваіх дэманаў і ў тое, што яму больш падабаецца».

Па словах мужчыны, ён ніколі шмат не распавядаў маці пра сваю службу, таму пра тое, што сын апынуўся на тэрыторыі Еўрапейскага саюза яна даведалася пастфактум. 

Чым цяпер займаецца

Аляксандр цяпер уваходзіць у Дэпартамент нацыянальнай бяспекі (пры Аб'яднаным пераходным кабінеце), якім кіруе яго бацька. Там мужчына займае пасаду начальніка штаба.

«Дэпартамент абʼяднаў дастаткова моцных асобаў, у якіх вайсковае мінулае. Яны праходзілі службу ў Беларусі на розных пасадах, як у войсках, так і ў штабах, маюць каласальны досвед. Гэта людзі, якія не згодныя з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, таму апынуліся па гэты бок плоту».

Дэпартамент займаецца аналізам і прадстаўленнем інфармацыі кіраўніку для прыняцця рашэнняў. На базе гэтай інфармацыі ўносяцца пэўныя прапановы для работы Абʼяднанага пераходнага кабінета.

Акрамя гэтага супрацоўнікі дэпартамента займаюцца перапрацоўкай асноўных дакументаў — Ваеннай дактрыны, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

Трэці напрамак працы — дапамога ўкраінскаму народу ў барацьбе з расійскім агрэсарам. У прыватнасці, гэта першая беларуская дэсантна-штурмавая рота, якая ваюе ў 79-й дэсантна-штурмавой брыгадзе на данецкім напрамку.

Па словах Аляксандра, з пачаткам сумеснай працы адбыліся змены ў адносінах з бацькам: «Самай галоўнай зменай стала тое, што нашы адносіны ў рамках службовай дзейнасці набылі больш афіцыйны характар. Зʼявіўся начальнік і падначалены — тое, чаго раней у нашым жыцці не было».

Чытайце яшчэ:

Рота Сахашчыка аб'явіла набор вайсковых спецыялістаў

Валерый Сахашчык расказаў пра сваю жонку і дзяцей

Клас
70
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?