Генрых Кіршбаўм. Фота: Аляксей Кузняцоў

Генрых Кіршбаўм. Фота: Аляксей Кузняцоў

Дарэчы, Генрых і сам нядрэнна размаўляе па-беларуску, свабодна чытае і, як высветлілася падчас размовы Budzma.org, карыстаецца кожнай магчымасцю, каб пазнаёміць з беларускай мовай і літаратурай сваіх нямецкіх студэнтаў.

Мама — беларуска. Тата — немец

— Упершыню я пачуў беларускую мову ў 2010 годзе ад Альгерда Бахарэвіча. Я пра гэта таксама пішу ў сваёй кнізе, — распавядае Генрых пра тое, як нараджалася яго цікавасць да Беларусі.

— Беларуская мова вельмі меладычная. Беларусы любяць казаць, што па сваёй спеўнасці яна не саступае італьянскай. А вы гэта чуеце, адчуваеце?

— Так, яна вельмі меладычная. У беларускай мове вельмі шмат галосных, мяккіх гукаў.

— Колькі ўвогуле моў вы ведаеце?

— Добра думаць і разумна выказвацца, адчуваючы канатацыі слоў, я ўмею толькі па-нямецку і па-расійску. Але, канешне, карыстаюся і іншымі мовамі. Люблю, напрыклад, чытаць на польскай або італьянскай.

— Гэта праўда, што ў вашай мамы беларускія карані? Адкуль яна была родам?

— З Віцебскай вобласці, кіламетраў з 25 на поўнач ад Гарадка. Мая бабуля шмат пераязджала. Жыла і ў Вільні, і ў Яраслаўлі, і ва Уладзівастоку. Канечне, у моўным сэнсе яна абрусела, але пад самы канец жыцця зноў загаварыла па-беларуску. Мая мама ведала мову ўжо пасіўна і фактычна страціла яе, але ўвесь час памятала пра сваё беларускае паходжанне. Гэта зафіксавана і ў маім пасведчанні аб нараджэнні. Там напісана, што мама — беларуска, а тата — немец.

— Як пазнаёміліся вашыя бацькі?

— Яны сустрэліся ва Уладзівастоку. Мама мая трапіла туды па размеркаванні. Тата, па сутнасці, таксама. Хаця ён правёў сваё дзяцінства і юнацтва ў Казахстане, з якім я таксама вельмі моцна звязаны. Алматы я добра ведаю і люблю. У гэтым годзе я там быў і ў чарговы раз пераканаўся ў роднасці гэтага горада. Некаторыя гарадскія ландшафты Уладзівастока, дзе я хадзіў у школу, таксама могуць мне часам прысніцца. А потым я пераехаў у Нямеччыну, а дакладней — у Баварыю. Гэта краіна вельмі сонечная, каталіцкая, барочная.

Цяпер я жыву ў Берліне, але працую ў горадзе Фрайбург, гэта на паўднёвым захадзе Нямеччыны недалёка ад швейцарска-французскай мяжы. Добрае месца. Але найбольш аддаленае ад славянскіх земляў, якімі я займаюся па прафесіі.

«Экспертаў па горы не бывае»

— У верасні ў выдавецтве «Вясна» выйшаў ваш «Беларускі брыкалаж». На прэзентацыі выдання на фестывалі «Прадмова» вы распавядалі, што падчас працы над кнігай вы ў нейкі момант знайшлі сябе ў крызісе навуковага «я». Што вы мелі на ўвазе?

— Падзеі 2020 года ў добрым сэнсе цалкам выбілі мяне з каляіны. Мне стала зразумела, што навука і экспертыза не дарастае да таго, што адбываецца ў Беларусі. Навука не магла расказаць пра тое эмпірычнае гора, якое пачалося ў 2020 годзе і працягваецца да гэтага часу. Для такой бяды не можа быць гатовай метамовы, таму што экспертаў па горы не бывае.

Фрагмент з кнігі Генрых Кіршбаўма «Беларускі Брыкалаж»:

«Надзейнага барометра Беларусі няма і ніколі не было, вялікіх навальніц і перападаў атмасфернага ціску не прадбачалася. Ніхто не мог прадказаць таго, што здарыцца. Ні сацыёлагі, ні палітыкі, ні паэты. Ні Захад, ні Крэмль, ні самі беларусы… I вось з 2020 года адбываецца нешта неймаверна важнае і незваротнае: індуктыўная самазборка, рэвалюцыя цярпення, беларускі брыкалаж».

— Кніга складаецца з вашых эсэ — філалагічных, філасофскіх. Пры якіх абставінах яны нараджаліся?

— У канцы жніўня — пачатку верасня 2020 года мы адразу ж уключыліся ў падзеі, далучыліся да нямецка-беларускай дыяспары, якая арганізоўвала тут дэманстрацыі, шэсці і пікеты ў падтрымку Беларусі. Я наўмысна кажу «нямецка-беларуская дыяспара», паколькі там мы сустракалі не толькі беларусаў і людзей, геаграфічна звязаных з краінай. На нашыя акцыі хадзілі немцы, украінцы, казахстанцы, расійцы. Гэта было вельмі шматнацыянальнае аб’яднанне людзей, якіх уразіла тое, што яны ўбачылі ў жніўні 2020 года.

Ля Брадэнбургскіх варот у кастрычніку 2020 года. Першы прыезд Святланы Ціханоўскай у Берлін. Фота з берлінскага архіва

Ля Брадэнбургскіх варот у кастрычніку 2020 года. Першы прыезд Святланы Ціханоўскай у Берлін. Фота з берлінскага архіва

Тады трэба было як мага больш казаць пра Беларусь. Пачаліся розныя выступленні — на мітынгах, дэманстрацыях, у друку і нават у цэрквах. Мяне запрашалі выступіць у частцы пропаведзі падчас богаслужэння. Для ўсіх гэтых выступаў пісаліся тэксты. Такім чынам набіраўся нейкі корпус эсэ, і нарадзілася гэтая разнажанравая кніга. Першыя эсэ былі напісаныя для яе ў верасні 2020 года, апошнія — у сакавіку 2021-га.

— Кнігу на беларускую мову пераклала ваша жонка Яраслава Ананка. Але ці абмяжоўваецца яе ўдзел толькі перакладам?

— Усё нараджалася ў сумесных гутарках, пачуццях. Цяжка сказаць, дзе Яраславы няма ў гэтай кнізе. Тут нашыя агульныя вершы, нейкія дайджэсты нашых агульных аналізаў, разбораў беларускай паэзіі. Яраслава і суаўтарка, і гераіня, якая з’яўляецца ў гэтай кнізе. І нават «муза». Калі бываюць музы ў такіх балючых кніжак…

Кніга «Беларускі брыкалаж». Фота: https://facebook.com/vesnabooksprague

Кніга «Беларускі брыкалаж». Фота: https://facebook.com/vesnabooksprague

— «Беларускі брыкалаж» выйшаў спачатку ў Германіі, на нямецкай. Як сустрэў кнігу заходні чытач?

— Адзначу, што ў маёй кнізе няма нейкага моманту асветы немцаў наконт беларускіх пытанняў. Я не адчуваю свайго права гэта рабіць. Але часам не горш за любую асвету працуе менавіта прапанова ўжыцца ў гэтую, падавалася б, вельмі індывідуальную перспектыву.

Калі б мая кніга выйшла тады, калі яна была напісана, то палітычны рэзананс мог бы быць большым. Але яна выйшла ў 2022 годзе, ужо падчас вайны. З іншага боку, якраз з 2022 года мы ведаем, як важна, каб Беларусь не заставалася ў цені вайсковай тэмы.

Прэзентацыя кнігі Генрыха Кіршбаўма на фестывалі Pradmova ў Вільні. Фота: facebook.com/pradmova

Прэзентацыя кнігі Генрыха Кіршбаўма на фестывалі Pradmova ў Вільні. Фота: facebook.com/pradmova

Беларусь немагчыма зразумець без Быкава

— Генрых, на сваіх лекцыях вы расказваеце студэнтам пра Беларусь, пра нашу літаратуру?

— Часам беларускія тэмы даводзіцца працягваць цішком. Два семестры таму я правёў семінар на тэму «Познесавецкая ваенная літаратура», а на самой справе студэнтаў чакалі Быкаў, Адамовіч і Алексіевіч. Даводзіцца імправізаваць.

Наогул з беларусістыкай у Нямеччыне туга. Тут ёсць толькі адно месца — універсітэт Ольдэнбурга, — дзе адна з прафесарак займаецца беларускай літаратурай 1910-х —1920-х гадоў. На гэтым спіс заканчваецца. Таму, калі Яраслава прыехала ў Германію, мы распачалі дзейнасць па ўключэнні беларускіх тэм, скажам, у розныя канферэнцыі. І зараз, калі з’яўляюцца анонсы вакансій, то ў іх пішацца, што патрабуецца, напрыклад, веданне рускай літаратуры, але вялікімі бонусамі ці нават умовамі ідуць веданне беларускай і ўкраінскай мовы і культуры. Лічу, што ў гэтым ёсць і нашая заслуга.

— Тое, што я зараз скажу, цалкам супярэчыць навуковаму падыходу, але шмат каму будзе зразумела. Вельмі часта мы адчуваем з тымі ці іншымі аўтарамі нейкую асаблівую повязь. Звычайна людзі тады кажуць, маўляў, «гэта мой аўтар, мой пісьменнік». Хто «ваш аўтар»у беларускай літаратуры?

— Мне нават не трэба доўга думаць. Гэта Андрэй Хадановіч, якога шмат хто лічыць занадта вясёлым, занадта гуллівым у сваіх вершах. Многія сучасныя беларускія паэты ідуць у вольны верш, верлібр, у якім няма баласту мінулых формаў. А Хадановіч насупраць. Ён не баіцца інтэртэкстуальнага сутыкнення — у тым ліку з рытмамі іншых паэзій. Хадановіч вядзе з імі палемічны дыялог. Хадановіч смелы і вынаходлівы, ён бачыць і любіць у паэзіі самаіранічную фармальную задачу, і ўсёй сваёй творчасцю ён нагадвае беларусам, што беларуская літаратура пачалася не з Багдановіча, а з «Тараса на Парнасе» і Дуніна-Марцінкевіча, чытаючы якога можна абрагатацца.

— Хадановіч — у паэзіі. А ў прозе?

— Мне здаецца, Беларусь немагчыма зразумець без Быкава. І быццам бы гэта чалавек адной тэмы, адной траўмы, адной раны — вайны і ўсяго з ёй звязанага. Я вельмі люблю напісаныя ім рэчы ў сямідзясятых за іх хуткасць, за іх скепсіс у адносінах да нейкай лёгкасюжэтнасці, скепсіс у адносінах да занадта імклівага пошуку адказаў. І Быкаў, канечне, не толькі пра Беларусь.

— А якая сітуацыя з перакладамі беларускай літаратуры на нямецкую? Ёсць што прапанаваць студэнтам?

— Дарэчы, цікава, што Быкава перакладалі як у ФРГ, так і ў ГДР. Апазіцыйная выдавецка-перакладчыцкая супольнасць напаўтаемна перакладала вялікую колькасць цікавых кніг, у тым ліку гэта была падцэнзурная літаратура з Савецкага Саюза. Але ўвогуле пераклады — гэта вельмі вялікая праблема. Калі ў нас ёсць прыкладна 40 розных перакладаў твора «Шынель» Гогаля (які, дарэчы, я вельмі люблю), то Быкава існуе толькі адзін пераклад і, вядома ж, перакладзена не ўсё. У нас зараз ёсць некалькі цудоўных перакладчыкаў-спяцоў, але іх катастрафічна мала. Яны пераствараюць на нямецкую Еву Вежнавец, Альгерда Бахарэвіча, але не хапае часу, каб перакладаць класікаў, пісьменнікаў мінулага стагоддзя.

Па той бок крыві…

— Генрых, у якім універсітэце вы цяпер чытаеце лекцыі?

— Палову тыдня я жыву ў Берліне, а другую палову праводжу ва ўніверсітэце ў горадзе Фрайбург. Курсы вяду розныя, мой любімы жанр — closereading. На працягу цэлага семестра мы са студэнтамі, па сутнасці, чытаем адзін маленькі тэкст, паэтычны ці празаічны, і спрабуем зразумець, як гэты тэкст працуе, якія сэнсы і інтэрпрэтацыі ён прапануе. І нікуды не спяшаемся. Гэта нават больш slow-reading: чым павольней, тым лепей.

— Хто вашыя студэнты? Адкуль яны?

— Да мяне на курсы прыходзяць людзі з розных дысцыплін. Хтосьці займаецца Усходняй Еўропай, хтосьці славістыкай. Палова з іх — гэта немцы, а вялікая частка — гэта дзеці мігрантаў з былога СССР. І гэтыя маладыя людзі прыходзяць даведацца нешта ў тым ліку і пра сябе. На занятках бываюць і беларусы, якія з’ехалі ў Нямеччыну, напрыклад, у 2000-х гадах. Большасць з іх мінчане. Але ёсць людзі з Віцебска, Магілёва, з Гомеля.

У кожнага свой лёс, і ўсе радыя гэтай сустрэчы з Беларуссю, якую яны… не тое каб забыліся. Проста мне падаецца, што беларусы маюць выключную здольнасць да інтэграцыі. Яны неверагодна хутка ўліваюцца ў новае грамадства, імкліва асімілююцца. У гэтым сэнсе 2020 год шмат каму з людзей нагадаў пра іх беларускасць, паколькі гэтая кампанента стала не проста пра ідэнтычнасць, а пра этыку.

— Гэтую кампаненту нават можна сёння вылічыць! Існуе ж генеалагічны тэст ДНК.

— Я абавязкова збіраюся зрабіць гэты тэст. Прычым адразу прымушу маму і тату, каб карціна была яшчэ больш зразумелай. Я думаю, што чыста геаграфічна, біялагічна, у мяне з мамінага боку гэта будзе і сапраўды нейкая паўночна-беларуска-літоўская зямля.

— А вось кампаненту ментальную не пакажа ніводзін тэст у свеце…

— А я ўвогуле лічу, што Беларусь — гэта па той бок крыві. Беларусь — нават не лёс, не доля, а выбар. І чалавек, які абраў мець Беларусь у сабе, ужо не зможа ад гэтага адмовіцца, не схлусіўшы нечаму самаму важнаму ў гэтым жыцці.

Чытайце таксама:

«Займацца рэдкімі мовамі — быць у авангардзе, а не дыназаўрам». Нямецкая перакладчыца расказала аб працы з беларускай мовай

Мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля — арганізатары прэміі Гедройця

«Сдохни, Путлер. Нет войне». Скарыназнаўца абвясціў вайну Расіі і беспакарана правёў першую дыверсію

Клас
42
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3