Твар лідара КНДР Кім Чэн Ына. Фота: Bloomberg / Contributor Getty Images

Твар лідара КНДР Кім Чэн Ына. Фота: Bloomberg / Contributor Getty Images

У Паўночнай Карэі (КНДР) прайшлі чарговыя выбары кандыдатаў у дэпутаты абласных і гарадскіх народных сходаў, у якіх упершыню можна было абіраць аднаго з двух кандыдатаў у бюлетэнях (гэтую норму ўвялі толькі ў жніўні гэтага года).

Выбары прывялі да нечаканага павароту, бо ўпершыню за 67 гадоў на іх афіцыйна зафіксавалі галасы супраць абраных кандыдатаў у дэпутаты. Пра гэта сёння напісала агенцтва Reuters са спасылкай на паўночнакарэйскае дзяржаўнае выданне KCNA.

«Паведамляючы пра вынікі нядзельных выбараў дэпутатаў рэгіянальных народных сходаў, дзяржаўныя СМІ Поўначы заявілі, што 0,09 працэнтаў і 0,13 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавалі супраць абраных кандыдатаў у правінцыйныя і гарадскія сходы адпаведна», — паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на паўночнакарэйскае KCNA.

Reuters адзначае, што апошні раз падобная нязгода падчас выбараў у КНДР афіцыйна прызнавалася толькі ў 1956 годзе, калі краінай кіраваў Кім Ір Сэн, дзед Кім Чэн Ына і стваральнік цяперашняга паўночнакарэйскага палітычнага рэжыму. Самі выбары ў дэпутаты абласных і гарадскіх народных сходаў ладзяцца ў КНДР раз на 4 гады, а яўка на іх заўсёды афіцыйна складае больш за 99% (яўка абавязковая па законах краіны).

Ёсць некалькі меркаванняў, чаму кіраўніцтва КНДР дазволіла свету ўбачыць у сябе прынамсі мізэрны працэнт нязгодных.

Перш за ўсё, як піша Reuters, гэта можа сведчыць пра спробы «паказаць усім вобраз нармальнага грамадства ў Паўночнай Карэі». Па-другое, гэта таксама можа быць спробай «умацаваць сваю легітымнасць у вачах суседзяў і ворагаў», асабліва перад заходнімі дэмакратыямі.

І трэці варыянт, самы малаверагодны — гэта прыкмета невялікага павелічэння правоў і свабод, а таксама паслабленняў для жыхароў КНДР.

Чытайце таксама:

«Тут паказаць рэальныя галасы, а ў выбаркам здаць, што папрасілі». З'явілася ВІДЭА, як камісія вырашае, які пратакол паказаць

Лукашэнка прапанаваў Пуціну падумаць на траіх. Яны двое і Кім Чэн Ын

У Расіі ёсць ужо 110 помнікаў Сталіну. 95 з іх паставілі пры Пуціне

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?