Мігранты, якія нелегальна трапілі ў Фінляндыю. Фота: скрыншот відэа фінскага выдання Yle.

Мігранты, якія нелегальна трапілі ў Фінляндыю. Фота: скрыншот відэа фінскага выдання Yle.

Мааяд Саламі, Раян Алхарыры і Камаль Тавіл з'яўляюцца мігрантамі з Блізкага Уходу, якія днямі нелегальна перайшлі расійска-фінскую мяжу і потым папрасілі прытулку ў Фінляндыі. 

Сірыец Мааяд Саламі распавёў, што нядаўна ў сацсетках «стала актыўна рэкламавацца магчымасць патрапіць у Еўрасаюз праз Фінляндыю» і таму ён сумесна з іншымі пяццю мігрантамі прыехаў у Санкт-Пецярбург, адкуль да фінскай мяжы іх павінен быў даставіць кантрабандыст.

«Кантрабандыст сказаў нам, што пераезд з Санкт-Пецярбурга да фінскай мяжы арганізаваны расійскімі вайскоўцамі. Нам за 100 даляраў замовілі два таксі «Яндэкс» і даставілі бліжэй да мяжы. 

Там былі нейкія расійскія афіцэры і следчыя, хто праводзіў наш допыт. Нам анулявалі ўсе візы, забралі ўсе пашпарты, тэлефоны і грошы, а затым праз 7-8 гадзін стаяння на марозе выдалі ровары для перасячэння мяжы і забаранілі вяртацца ў Расію. Таксама сказалі, што калі Фінляндыя цалкам закрые мяжу, то ўсіх мігрантаў перанакіруюць на Нарвегію, Эстонію ці Літву», — апісаў свае ўспаміны Мааяд Саламі.

Ён дадаў, што цяпер у Расіі шмат мігрантаў, якія беспаспяхова спрабавалі трапіць з Беларусі ў Латвію, Літву ці Польшчу. Па словах сірыйца, тэма актыўна абмяркоўвалася ў Telegram, Facebook і іншых сацыяльных сетках.

«Цяпер ідзе велізарная колькасць размоў пра тое, якія фінскія памежныя пасты закрытыя, а якія дагэтуль адкрытыя», — сказаў Саламі.

Тое ж самае пацвердзіў яшчэ адзін сірыец Раян Алхарыры, які сам некалькі раз беспаспяхова спрабаваў трапіць праз Беларусь ў Польшчу і Латвію. Ён падзяліўся з выданнем Yle падрабязнасцямі свайго шляху з Сірыі ў Фінляндыю праз Беларусь.

«Я пакінуў Сірыю і адправіўся ў Бейрут (Ліван), адтуль паляцеў у Абу-Дабі (ААЭ), затым у маскоўскі аэрапорт Шарамеццева. Там нас кантрабандай перавезлі ў Беларусь, дзе я некалькі разоў беспаспяхова спрабаваў патрапіць у Польшчу і Латвію. 

Але потым мы ўбачылі ў Telegram, што фінская мяжа адкрытая для тых мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Мы з іншымі мігрантамі прыехалі ў Санкт-Пецярбург, адкуль нас на таксі падвезлі да фінскай мяжы, дзе расійскія вайскоўцы забралі нашыя тэлефоны, пашпарты і грошы. Узамен выдалі ровары і сказалі ехаць у Фінляндыю», — апісаў свой шлях Алхарыры.

Шлях Раяна Алхарыры з Сірыі ў Фінляндыю праз Ліван, ААЭ, Расію, Беларусь і зноў праз Расію. Фота: скрыншот відэа фінскага выдання Yle.

Шлях Раяна Алхарыры з Сірыі ў Фінляндыю праз Ліван, ААЭ, Расію, Беларусь і зноў праз Расію. Фота: скрыншот відэа фінскага выдання Yle.

Трэці мігрант Камаль Тавіл таксама сказаў, што у яго групы на мяжы забралі ўсе дакументы і тэлефоны. Але, па словах Тавіла, іх «вельмі доўга пратрымалі пад вартай» расійскія вайскоўцы, а затым мігрантам выдалі ровары і забаранілі вяртацца ў Расію.

Нагадаем, што Фінляндыя закрыла амаль усе памежныя пераходы на мяжы з Расіяй, пакінуўшы толькі адзін на поўначы краіны. У краіну спрабуюць трапіць мігранты у тым ліку і з беларускімі візамі.

Раней у памежнай ахове Фінляндыі адзначалі, што мяжу спрабуюць адначасова перасекчы вялікія групы з 20-30 чалавек з удасканаленай арганізацыяй, лепш абсталяваныя, чым раней, і паводзяць яны сябе больш упэўнена, што «нагадвае крызіс з Беларуссю».

Чытайце таксама:

Эстонія і Нарвегія следам за Фінляндыяй рыхтуюцца закрыць мяжу з Расіяй

Лукашэнка пра нелегальных мігрантаў: Мы нікога тут лавіць не будзем

Мігранты перанеслі асноўную актыўнасць на латвійскую мяжу

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
43