Па выніках матча бабруйскай «Белшыны» і мінскага «Дынама», які прайшоў сёння ў Бабруйску, мінскае «Дынама» датэрмінова стала чэмпіёнамі краіны. Вынік гульні — 4:0 на карысць «Дынама».

Мінчанам было дастаткова згуляць з «Белшынай» унічыю, але ж гульня скончылася перамогай бела-блакітных.

Першы мяч забіў на 19-й хвіліне абаронца «Дынама» Аляксандр Сачыўка, другім у матчы адзначыўся Іван Бахар на 48-й хвіліне. Хутка пасля гэтага, на 58-й хвіліне, Аляксей Гаўрыловіч давёў лік да разгромнага — 3:0 на карысць мінчан, а на 70-й забіў дынамаўскі паўабаронца Данііл Зорын.

Такім чынам, у «Дынама» 66 ачкоў — недасягальная лічба для іх бліжэйшага пераследніка, гродненскага «Нёмана». Гэтая каманда цяпер мае 59 ачкоў. Мінулае чэмпіёнства бела-блакітных мела месца ў 2004-м.

Адзначым, што дынамаўцам даўно прадказвалі чэмпіёнства — яшчэ з восені 2021-га, калі Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця стадыёна «Дынама-Юні» сказаў футбалістам: «У будучым годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны ўзварухнуць увесь футбол». 

Але ў 2022-м «Дынама» стала толькі чацвёртым, з-за чаго Лукашэнка раскрытыкаваў міністра спорту Сяргея Кавальчука. Тады ў спартовых колах пайшлі размовы пра тое, што «Дынама» пажадае выканаць загад хаця б у 2023-м.

«Шахцёр» і «Энергетык-БДУ», якія год таму абышлі бела-блакітных, сёлета страцілі ачкі з-за ўдзелу ў дамоўных гульнях. Склад яшчэ аднаго канкурэнта — БАТЭ — моцна пацярпеў праз чорныя спісы ад Кавальчука, таксама клуб не атрымаў подпісу пад план развіцця клуба, які дазваляе атрымліваць грошы ад дзяржпрадпрыемстваў. Іншыя клубы вышэйшай лігі таксама адчувалі на сабе дыскрымінацыю, і ў выніку дарога да дынамаўскага чэмпіёнства была адкрытая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?