Штамп

Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org

Сваім вопытам мужчына падзяліўся ў сацыяльных сетках.

За мяжою сямейная пара жыве амаль два дзясяткі гадоў і мае замежнае грамадзянства. Ад беларускага грамадзянства мужчына адмовіўся яшчэ да падзей 2020 года.

Сямʼя наведвала сваякоў у Беларусі некалькі разоў у 2021—2022 гадах. Апошні раз былі прыкладна год назад.

Як распавядае мужчына, на гэты раз у пункце пропуску «Катлоўка» калі ён праходзіў пашпартны кантроль, то супрацоўнік выклікаў начальніка змены, і той папрасіў прайсці разам з тэлефонам за ім.

Падчас кароткай размовы начальнік змены спрабаваў даведацца, ці мае мужчына іншы пашпарт. Затым, пакуль мужчына чакаў у калідоры, памежнік прабіваў яго даныя, некуды тэлефанаваў.

Далей падарожніка адвялі на другі паверх. У кабінеце №13 у яго адбылася размова з двума чалавекамі ў форме. Мужчына выказвае здагадку, што гэта былі гэбісты.

Адзін з іх папрасіў разблакаваць тэлефон. Мужчына адзначае, што яны з жонкай загадзя выдалілі з тэлефонаў фактычна ўсё, але ў яго застаўся інстаграм. Там увагу людзей у форме прыцягнулі здымкі з прэзентацыі кнігі Алеся Бяляцкага ў Нью-Ёрку, акцыі пратэсту супраць вайны ў Вашынгтоне, а таксама фота з экскурсіі ў літоўскі Сойм, на якой мужчына стаіць за трыбунай побач з украінскім сцягам.

Як піша мужчына, акрамя змесціва тэлефона службовыя асобы цікавіліся яго палітычнымі поглядамі, стаўленнем да цяперашняй улады ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама мэтай паездкі.

Далей на размову і праверку тэлефона выклікалі жонку. Сярод іншага цікавіліся яе былой працай у ЕГУ. На шэраг пытанняў жанчына адмовілася адказваць. 

Жонка пасля распавяла, што супрацоўнік, які правяраў тэлефоны, сказаў, што найлепшае, што можа іх з мужам чакаць, гэта забарона ўезду ў Беларусь на пяць гадоў. А калі б яны былі грамадзянамі Беларусі, то паехалі б не назад у Літву, а зусім у іншае месца.

Тэлефоны былі вернутыя адразу пасля гутаркі. А вось пашпартоў давялося пачакаць. Іх вярнуў начальнік змены з пастаўленым штампам «Уезд забаронены» і патлумачыў, што забарона дзейнічае пяць гадоў.

Як распавядае мужчына, начальнік змены правёў іх да апошняй будкі на беларускім баку і сказаў ісці ў бок Літвы, што яны і зрабілі.

Мужчына горка іранізуе, што «мы ўдзячны лёсу, што ўжо не маем грамадзянства сваёй Радзімы. Бо магло быць нашмат горш».

«Нягледзячы на парады многіх разумных людзей, мы паспадзяваліся, што чарговы раз пранясе. Не пранесла. Хоць калі б яны паднялі архівы і крышку лепш пашукалі інфу пра мяне, то магчыма і літоўскі пашпарт не дапамог бы»,

— піша мужчына і папярэджвае, што цяпер не час ехаць у Беларусь, нават калі вы не з'яўляецеся яе грамадзянамі.

Чытайце яшчэ:

Як прапускаюць праз мяжу тых, хто не паведаміў пра свой ДНЖ, карту паляка або іншае грамадзянства

«У гэтым тэлефоне на пару гадоў калоніі». Беларусы расказалі, як праходзяць праверкі на мяжы з Польшчай

«Дайце тэлефон і пакажыце сацсеткі». Літовец расказаў, як яго дапытвалі і правяралі на беларускай мяжы

Клас
29
Панылы сорам
33
Ха-ха
7
Ого
8
Сумна
33
Абуральна
99