Выпадковасці не выпадковыя

Тры гады таму ўладальнік невялікага бізнэсу па продажы аўтазапчастак Аляксандр Анюкоў пачаў падарожнічаць па Беларусі.

«Мы з сябрам выпадкова апынуліся ў Лагойску. Прайшлі яго пешшу ўздоўж і ўпоперак і падумалі: «Ну які круты горад, шмат гістарычных месцаў, чаму мы не былі тут раней?» Мне стала сорамна, што я толкам нічога не ведаю пра нашу краіну. Мы сталі ездзіць па розных кутках Беларусі, знаёміцца з новымі людзьмі».

Адно з такіх падарожжаў прывяло мінчука ў вёску Тэйкі. Гарачым летнім днём ён сядзеў у офісе і разважаў, куды б рушыць пасля працы — дадому не хацелася. Вырашыў праехацца ў бок Ракава. Па дарозе ён убачыў капліцу, якая тырчыць пасярод могілак.

«Еду і думаю, якая ж класная каплічка. Прыкладна праз 3 кіламетры разварочваюся і вяртаюся назад. Каля адной з магіл сядзіць бабуля. Мы з ёй пазнаёміліся. Аказалася, яе завуць Лідзія Мікалаеўна, яна перабралася сюды 50 гадоў таму. І вось ужо 20 гадоў прыходзіць на могілкі да свайго мужа. Але з кожным годам гэта даецца ёй усё цяжэй і цяжэй…»

«Вось бы хто пакасіў тут», — як бы няўзнак прамовіла пенсіянерка. Двойчы паўтараць не прыйшлося: праз тыдзень, узброіўшыся парай касілак, Аляксандр са сваім таварышам расправіліся з могілкавай травой.

«Я зазірнуў у саму капліцу і ўбачыў будматэрыялы. Паглядзеў на дату вырабу — 2018 год. Атрымліваецца, яны больш за два гады праляжалі без справы. Мне стала цікава, хто ж яе аднаўляў і чаму ўсё рэзка абарвалася. Я апублікаваў пост пра капліцу ў сваім блогу, і праз тыдзень мне на пошту прыйшоў ліст ад нейкага Юрыя Бойкі. Як высветлілася, менавіта ён сваімі сіламі рэстаўраваў будынак, але пяць гадоў таму знайшоў працу за мяжой і пераехаў. «Не жадаеце працягнуць маё пачынанне?» — спытаў ён. Натуральна, я пагадзіўся».

Гісторыя Юрыя была чымсьці падобная да гісторыі Аляксандра. Ён жыў недалёка, у вёсцы Аксакаўшчына, і аднойчы таксама вырашыў праехацца па найбліжэйшых дарогах. Краем вока заўважыў разваліны нейкага фамільнага склепа: ні даху, ні вокнаў ля будынка не было, сцены з бутавага каменя, цэменту і цэглы проста крышыліся. Але нават у гэтым разбураным стане месца здалося мужчыну прыгожым.

Аднак далей захаплення з ноткай горычы справа магла і не пайсці, калі б не збег абставінаў.

«Юрый працаваў мэблевіком і праз пару дзён сустрэўся з чарговым заказчыкам, каб зрабіць замеры. Той якраз аднаўляў нейкі каталіцкі касцёл. Юрый натхніўся гэтым прыкладам і стаў рэстаўраваць капліцу ў Тэйках. Калі б не ён, гэтага будынка цяпер бы проста не існавала».

Хоць па дакументах капліца дагэтуль знаходзіцца дзесьці ў нябыце: аб'ект нідзе не зарэгістраваны.

«Тэрыторыя могілак лічыцца абсалютна пустой. Яна належыць мясцовай ЖКГ. У свой час яе начальнік даў вусную згоду на рэканструкцыю: «Рабіце што хочаце, толькі нам не перашкаджайце. Тады і мы замінаць вам не будзем».

Аднаўленнем Юрый заняўся яшчэ ў 2008 годзе. Самым першым этапам было ўзвядзенне даху: без яго сцены працягнулі б намакаць і трэскацца. Пасля гэтага мужчына ўмацаваў іх знутры, затым уставіў драўляныя вокны, заліў сцяжку і паклаў плітку на падлозе (падмурак захаваўся яшчэ з даўніх часоў)… Паралельна ўзводзіў франтон, але скончыць з ім не паспеў.

Далейшае аднаўленне лягло на плечы Аляксандра.

«Разам з таварышам мы кансультаваліся з рэстаўратарам Брэсцкай крэпасці Сяргеем Крукам. Ён дэталёва распавёў, як усё рабіць правільна. Фатаграфій з мінулага мы так і не знайшлі (самая ранняя датаваная 2008 годам, яе зрабіў сам Юрый), так што вырашылі не мудраваць і нічога лішняга не прыдумляць. Так мы абнавілі вонкавыя калоны з цэглы, дабудавалі пярэдні і задні франтоны з вежкамі, затынкавалі і пафарбавалі капліцу ўнутры і звонку. Апошняе, што засталося, — заліць новы падмурак для ганка і расставіць на ім каменныя пліты. І можна нарэшце выдыхнуць».

Хоць Аляксандр і аднаўляў капліцу разам са сваім сябрам, не спадзеючыся на падтрымку іншых людзей, людзі з ваколіц таксама сталі падцягвацца: хтосьці прынёс будаўнічыя рыштаванні, хтосьці дапамог перавезці інструменты.

«Людзі падыходзілі са словамі «Вас сапраўды Бог паслаў». Сусед Віталь, які набыў дом насупраць, цяпер дзякуе нам за незвычайны выгляд з акна. Хоць раней сумняваўся ў куплі ўчастка проста насупраць могілак. А Лідзія Мікалаеўна, да якой мы кожны раз заходзілі на гарбату, вельмі прасіла скончыць рэстаўрацыю хутчэй. Казала: «Я хутка памру, буду ляжаць тут і глядзець на яе». Як быццам нешта прадчувала: не так даўно яна цяжка захварэла. Добра, што мы паспелі ўсё дарабіць».

У выратаванне капліцы было ўкладзена не толькі шмат сіл і часу, але і грошай — на ўсё пра ўсё энтузіясты выдаткавалі каля 30 000 даляраў. Наступны крок — зарэгістраваць будынак, прызнаць яго гісторыка-культурнай каштоўнасцю і перадаць Ракаўскай парафіі. Як аказалася, гэта не так проста: пра гісторыю гэтага месца практычна нічога не вядома.

Схаванае нераскрытае

«Калі я толькі-толькі заняўся рэканструкцыяй, то аб'ездзіў усе найбліжэйшыя вёскі ў пошуках старажылаў, якія маглі б нешта расказаць пра гэтую капліцу і тых, хто быў у ёй пахаваны. Але ніхто нічога не ведаў.

Аднойчы на могілках з'явілася жанчына з іменем Антаніна. Убачыўшы моцных мужчын, захопленых працамі на даху, яна з імі загаварыла. Аказалася, жанчына з'яўляецца нашчадкам роду Вішнеўскіх.

«У яе захавалася фатаграфія Антонія Вішнеўскага, пахаванага ў капліцы. Для нас гэта была неверагодная ўдача! Яна распавяла, што Антоній, насуперак волі сям'і, ажаніўся са звычайнай хатняй прыслужніцай (хоць сам быў даволі багатым чалавекам)».

На жаль, гэта практычна ўся інфармацыя пра род Вішнеўскіх. Вядома толькі, што ў Антонія было дзве сястры, абедзве — бяздзетныя. Жыла сям'я ў сядзібе — яе руіны можна знайсці прыкладна за паўтара кіламетра ад фамільнага склепа, у самай гушчы лесу.

«У архівах я наткнуўся на карту, дзе было паказана месцазнаходжанне маёнтка. Цяпер ад яго практычна нічога не засталося. Відаць, што і чорныя капальнікі папрацавалі — шмат ямаў. Ды і на тэматычных форумах знаходзіў інфармацыю, што ў свой час сюды наведвалася шмат зацікаўленых».

Тэрыторыя, якая належала Вішнеўскім, называлася ці то Бардзынню, ці то Юрздоўкай і згадвалася ў дакументах яшчэ ў 1567 годзе. Сям'я выкупіла яе ўжо ў XIX стагоддзі ў іншага заможнага роду — Валадковічаў. Яны, дарэчы, першымі ўзвялі на могілках капліцу — праўда, яна была з дрэва, таму, напэўна, і згарэла. У 1884 годзе ўжо Ігнат Вішнеўскі, бацька Антонія, пабудаваў усяго за пару метраў ад яе новую, ужо каменную капліцу для сябе і сваіх блізкіх.

«Раней тут была прыгожая алея з дрэў, брама з бута. Мясцовыя распавядалі, што з ракаўскага касцёла на Тройцу ішоў хрэсны ход: ксёндз нёс з сабой драўляны абраз, за ім ішлі парафіяне, і потым яны разам маліліся ў капліцы. На могілках накрываліся вялікія сталы, людзі гулялі, выпівалі. Было б выдатна калі-небудзь аднавіць гэты абрад!»

На жаль, гэта ўсё, што Аляксандру ўдалося раскапаць пра Вішнеўскіх за гэтыя гады: у архівах так шмат людзей з такім прозвішчам, што зразумець, якія менавіта жылі ў гэтых краях, пакуль не выглядае магчымым.

«Пакуль доўгія гады будынак стаяў закінутым, яго разрабавалі — нават косткі памерлых зніклі, хоць яны былі пахаваныя ў саркафагах пад зямлёй. Хтосьці сарваў постаць Ісуса з крыжа на фасадзе склепа. Захавалася толькі рука».

Разабрацца трэба будзе не толькі з гісторыяй капліцы, але і з іншымі магіламі. У наступным годзе мінчук плануе падняць старыя надмагільныя камяні, выпісаць усе прозвішчы і стварыць спіс тых, хто быў тут пахаваны.

«Можа, атрымаецца адшукаць сваякоў і даведацца што-небудзь новае! Чым хутчэй мы дабярэмся да ісціны, тым хутчэй будынак здабудзе новае жыццё».

Чытайце таксама:

У Стоўбцах аднавілі браму касцёла, знішчанага саветамі

Пад Навагрудкам аднавілі каплічку. Рамонт яе нечаканым чынам састарыў

На вайсковых могілках у Гродне працягваюць рамантаваць старадаўнюю капліцу

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2