Мікіта Рачылоўскі Никита Рачиловский Nikita Rachilovsky

Мікіта Рачылоўскі падчас эфіру ў «Мінскай праўдзе». Скрын відэа minsknews_by / Telegram

Мы паведамлялі раней, што новая зорка прапаганды Мікіта Рачылоўскі, які паабяцаў памерці за Лукашэнку, у верасні ў сваім тэлеграм-канале напісаў публічны данос на папулярнага фуд-блогера Паўла Крамара, вядомага як Какабай.

Праз два месяцы ў эфіры «Мінск-новості» Рачылоўскі паскардзіўся, што некаторыя лічаць, што яго нападкі на Какабай звязаныя з жаданнем адціснуць гэты бізнэс.

«Гэта дэлбі нейкае, якое мысліць як камбала нейкая: вочы ў адную кропку ды іншых альтэрнатыўных пунктаў гледжання не ўспрымае. Я хацеў бы яго адціснуць з пункта гледжання закону. Чалавек ідзе ў турму, запісвае пакаяльнае відэа на фоне ГУБАЗіКа, нясе ўсю цяжкасць сваю перад законам і потым робіць што захоча», —

выказаўся Рачылоўскі і заўважыў, што кантэнт у Какабая бяскрыўдны.

У эфіры праграмы старшыня Моладзевага парламента звярнуўся да блогера: «Я пра цябе, Павел Крамар, не забыўся. Таму даядай свае чабурэкі, дарабляй сваю працу. Мы па цябе прыйдзем». 

Рачылоўскі заўважыў, што яго словы — «ніякая не пагроза» і ён гаворыць «у рамках закона»: 

«Я чалавек справядлівы, гатовы несці адказнасць за кожнае сваё слова. Але я не пацярплю, каб у нашай краіне былі людзі, якія здрадзілі прэзідэнту, нашаму сцягу, спрабавалі на гэтым зарабіць, а сёння ходзяць, набіваюць сабе чэрава».

На гучную заяву Рачылоўскага звярнуў увагу тэлеграм-канал «Графач», які звязваюць з кіраўніком АНТ Маратам Маркавым.

«Я не ведаю, хто там па каго пагражае прыйсці, але выглядае гэта ўсё вельмі дзіўна. Нават з гледзішча чыстай логікі — наўрад ці сілавікі ведаюць менш за таварыша Рачылоўскага, які праз 3 гады адкрыў таямніцу КаКо. А дзе ён быў у 2020-2022-м, каб зараз па кагосьці прыходзіць? На мой суб'ектыўны погляд — тыя, каму трэба, ужо даўно разабраліся і закрылі пытанні з пераабутымі і не вельмі», — выказаўся Графач.

Рачылоўскаму Графач раіць мысліць крыху глабальней і супакоіцца, бо «гэтая бравада доўжыцца ўжо больш за месяц і так і не прывяла ні да якога выніку, акрамя клаўнады. Кампетэнтныя людзі разбяруцца».

Акрамя гэтага, Графач прыгадаў Рачылоўскаму яго крытыку фундаментальнай навукі: «Дарэчы, аб кампетэнцыі. Перш чым крытыкаваць фундаментальную навуку ў краіне, някепска было б абараніць кандыдацкую дысертацыю або напісаць хаця б парачку рэцэнзаваных ВАКаўскіх артыкулаў».

Рачылоўскага Графач аднёс да катэгорыі «самапрызначаных камісараў-сэнсавікоў», якія выступаюць з вялікай колькасцю «нізкапробных скаардынаваных нападак на беларускую мову, культуру і гісторыю».

«А мо так і трэба?» — задае рытарычнае пытанне Графач.

Чытайце яшчэ:

«Чаму Какабай усё яшчэ існуе?» Рачылоўскі напісаў публічны данос на папулярнага блогера Какабая

«Памерці за Лукашэнку». Хто такі Мікіта Рачылоўскі, новы твар прапаганды

Лукашысты патрабуюць чыстак і рэпрэсій на гістфаках у ВНУ

Клас
4
Панылы сорам
47
Ха-ха
15
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
14