Прынамсі 200 000 гадоў дзеці гадаваліся ва ўмовах сацыяльнага асяроддзя з некалькімі выхавальнікамі, бо абараніць малых ад вялізнай колькасці невядомых пагроз можна было толькі грамадой. Але дзіцячыя псіхолагі ХХ стагоддзя канцэнтраваліся на вывучэнні сувязі маці і дзіцяці. Гэта было звязана з дамінуючымі ў той час сацыяльнымі нормамі і стэрэатыпамі аб адпаведных ролях маці і бацькі, калі бацька разглядаўся ў асноўным як той хто «зарабляе грошы».

The Conversation распавядае пра больш за 20 даследчыкаў, якія вывучаюць дзіцячыя прыхільнасці і аб’ядналіся разам, каб адказаць на пытанне: як прыхільнасць да абоіх бацькоў ўплывае на сацыяльна-эмацыянальныя і кагнітыўныя здольнасці дзяцей?

Даследаванне маціцэнтрычнай прыхільнасці

У дзяцей развіваецца прывязанасць да тых людзей, якія прысутнічаюць вакол іх доўгі час. Для большасці дзяцей гэта, натуральна, мама і тата. Сацыёлагі шырока класіфікуюць адносіны прывязанасці як надзейныя і ненадзейныя. 

Пры надзейных адносінах з выхавальнікам — калі дзіця ўстрывожанае (напрыклад, эмацыйна або фізічна параненае) — яно чакае, што гэты выхавальнік будзе даступны і эмацыйна падтрымае. І наадварот: дзеці, якія не ўпэўненыя ў наяўнасці падтрымкі і апекі тады, калі ім такая падтрымка трэба, хутчэй за ўсё, сфарміруюць ненадзейныя адносіны прывязанасці.

У ЗША і Еўропе асноўным апекуном часта лічыцца маці. Адпаведна, даследчыкі раней амаль выключна засяроджваліся на ролі маці ў адносінах прывязанасці. Маці таксама былі і больш даступнымі для даследчыкаў: яны з большай гатоўнасцю згаджаліся ўдзельнічаць у даследаваннях, чым таты ці іншыя выхавацелі (бабулі, дзядулі і прафесійныя апекуны).

Акрамя таго, многія даследчыкі меркавалі, што існуе так званая «іерархія» ў бацькоўскай апецы, у якой прывязанасць да маці разглядалася як больш важная для разумення развіцця дзіцяці, чым прывязанасць да «другасных» апекуноў, напрыклад да бацькі.

Ужо ў канцы 1980-х гадоў некаторыя навукоўцы прызналі неабходнасць шырэйшай ацэнкі ўплыву ўзаемаадносін прыхільнасці дзяцей на траекторыі іх развіцця. Але даследаванняў было мала.

Цяпер больш за два дзясяткі сацыёлагаў з васьмі краін свету, якія цікавяцца пытаннямі аб адносінах прывязанасці, супрацоўнічаюць разам, каб паглыбіцца ў пытанне.

Чым больш «надзейных адносін», тым лепш

Першым крокам, які зрабіла група даследчыкаў, была кампіляцыя ўсіх наяўных даных за апошнія 40 гадоў. Яны вывучылі папярэднія даследаванні адносін прыхільнасці да абоіх бацькоў для больш чым 1000 дзяцей. Даследчыкі падзялілі ўсіх малых на чатыры групы:

  • дзеці з надзейнымі адносінамі з маці і бацькам;
  • дзеці з надзейнай прывязанасцю да маці і ненадзейнай прывязанасцю да бацькі;
  • дзеці з ненадзейнай прывязанасцю да маці і надзейнай прывязанасцю да бацькі;
  • дзеці з ненадзейнай прывязанасцю да абоіх бацькоў.

У двух асобных даследаваннях было ацэнена, як уплывае прывязанасць дзяцей да абоіх бацькоў на псіхічнае здароўе і моўную кампетэнцыю. У гэтых даследаваннях адносіны прывязанасці дзяцей ацэньваліся падчас назірання за паводзінамі малых падчас кароткага расстання з кожным з бацькоў у розных сітуацыях.

Выявілася, што дзеці, якія адначасова мелі надзейныя адносіны прывязанасці з абоіма бацькамі, адчувалі менш сімптомаў трывогі і дэпрэсіі і дэманстравалі лепшыя моўныя навыкі, чым дзеці з прывязанасцю толькі да аднаго з бацькоў або ўвогуле без надзейных адносін прывязанасці да кагосьці з бацькоў.

Чаму ж назіраўся такі эфект? Хоць даследчыкі не змаглі даць дакладны адказ на гэтае пытанне ў сваім даследаванні, яны выказалі здагадку пра магчымыя механізмы, што вядуць да атрыманага выніку. Напрыклад, падумайце пра дзіця, якое давярае абоім бацькам і ўпэўненае, што яны будуць побач у складаных сітуацыях.

Усе дзеці часам адчуваюць смутак, гнеў ці адчай. Але паколькі дзіця з падвойнай надзейнай прывязанасцю можа лёгка звярнуцца да бацькоў па дапамогу і падтрымку, яно хутка здымае негатыўныя эмоцыі, яны не выліваюцца ў непакорлівасць або трывогу, дэпрэсію. Такое дзіця не мае патрэбы траціць эмацыйную энергію на высвятленне месцазнаходжання бацькоў, яно тым самым развіваецца больш прадпрымальным, пытлівым, здольным да рызыкі. Гэта дае маленькаму чалавеку больш досведу, якім ён можа падзяліцца і пра які можа гаварыць. Адсюль і шырэйшы дыяпазон і колькасць маўленчага выказвання, што дапамагае пашыраць моўныя навыкі.

Маці — гэта яшчэ не ўсё

Даследчыкі падкрэсліваюць, што яны не знайшлі праяваў той самай «іерархіі важнасці» бацькоў. Дзеці з надзейнай прывязанасцю толькі да мамы і дзеці з надзейнай прывязанасцю толькі да таты статыстычна не адрозніваліся ў выніках ацэнкі псіхічнага здароўя і моўнай кампетэнцыі.

Гэтыя высновы пацвярджаюць важную праўду: маці і бацька аднолькава важныя ў выхаванні дзяцей і вывадзе іх на аптымальныя траекторыі развіцця. Іншымі словамі, важная менавіта колькасць надзейных адносін, якія развіваюцца ў дзіцяці ў сям’і, а не канкрэтны пол дарослага, з якім усталяваліся гэтыя надзейныя адносіны.

Сярод іншага, даследчыкі выявілі, што дзеці цудоўна развіваліся і калі развівалі надзейныя адносіны прывязанасці і ў нетрадыцыйных сем'ях (напрыклад, у сем'ях з аднаполымі бацькамі).

Каманда кажа, што будучыя даследаванні павінны таксама прааналізаваць іншыя сямейныя сеткі, якія ўключаюць іншых апекуноў, акрамя непасрэдна бацькоў: напрыклад, бабуль і дзядуляў, якія часта бяруць актыўную ролю ў выхаванні дзяцей.

Чытайце таксама:

Як выхаваць у дзяцей уменне «правільна» злаваць

Як правільна даваць грошы сваім дзецям?

Чаму дзеці дрэнна сябе паводзяць, калі стаміліся

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1