У паведамленні Мінабароны Расіі гаворыцца, што «УСУ 4 лістапада нанеслі ўдар 15 крылатымі ракетамі па суднабудаўнічым заводзе імя Бутомы ў Керчы. Сродкамі СПА збітыя 13 крылатых ракет. У выніку трапляння крылатай ракеты праціўніка атрымаў пашкоджанні карабель, які знаходзіўся на заводзе».

Спачатку ўлады Крыма заяўлялі пра збіццё «ўсіх 18 ракет».

Керч знаходзіцца на ўсходнім ускрайку Крыма, каля Крымскага моста.

Мясцовыя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што ўкраінская ракета ўдарыла па малым ракетным караблі (МРК) «Аскольд», які стаяў у Керчы на суднабудаўнічым заводзе. «Аскольд» — носьбіт крылатых ракет «Калібр», якімі Расія ад пачатку вайны абстрэльвала тэрыторыю Украіны.

Раней пад ударамі ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў Расія была вымушаная пераправіць большую частку Чарнаморскага флота з Севастопаля ў Феадосію, Керч і Новарасійск.

МРК «Аскольд» — нядаўна збудаваны карабель. Яго спусцілі на ваду ў 2021 годзе, акурат у Керчы ён і будаваўся.

Клас
62
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3