Кацярына Андрэева падчас першага суда ў Мінску ў лютым 2021 года. Фота: «Наша Ніва»

Кацярына Андрэева падчас першага суда ў Мінску ў лютым 2021 года. Фота: «Наша Ніва»

2 лістапада спаўняецца 30 год журналістцы «Белсата» і палітзняволенай Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), якую рэжым Лукашэнкі пакараў за стрым з «плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 года.

У лютым 2021 года Андрэевай прысудзілі 2 гады зняволення паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасць абвінавачванняў невядомая дагэтуль.

Ужо больш за два з паловай гады Кацярыну Андрэеву трымаюць у жаночай калоніі № 4 ў Гомелі. Вядома, што палітзняволеная працуе на швейнай вытворчасці, у вольны час яна чытае і піша вершы.

Стала вядома, што напярэдадні дня народзінаў у яе абвастрылася сітуацыя са здароўем.

«Кацярына ўсё часцей пакутуе на алергію. Сёлета некалькі разоў у калоніі фарбавалі памяшканні, а на фарбу ў яе рэзкая алергічная рэакцыя — станавілася цяжка дыхаць, пачынаўся кашаль. Ужо некалькі разоў у выніку такіх алергічных прыступаў яна трапляла ў санчастку. Нядаўна прыступ паўтарыўся. Добра, што лекары ставяцца да сваіх абавязкаў адказна і яна атрымала ўсю неабходную дапамогу. Цяпер ёй лягчэй», — распавяла Свабодзе крыніца, знаёмая з сітуацыяй вакол Кацярыны Андрэевай.

Вершы Кацярына Андрэева піша па-беларуску і па-расейску. Некаторыя з іх у сваіх сацсетках публікуе ейны муж Ігар Ільяш. Вось радкі з верша без назвы, якія, на ягоную думку, адлюстроўваюць цяперашні досвед Кацярыны.

А во мраке колючие звёзды, в строю по пять.
Средь высоких снегов кружат и кружат, скользя.
Их нельзя ни остановить, ни обнять - 
Впрочем, оно и к лучшему, что нельзя.

Некаторыя вершы Кацярыны Андрэевай у межах праекта FreeAllWords былі перакладзены на розныя еўрапейскія мовы. «Аднак у калоніі вельмі шмат працы, таму знаходзіць час на вершы атрымліваецца рэдка», — паведамляла пра недахоп часу для творчасці аўтар вершаў.

«Натуральна, ніхто не мог падумаць, што ёй прыйдзецца сустракаць 30-годдзе за кратамі. Усім вельмі цяжка з гэтым змірыцца. Але мяркуем, Кацярына ні пра што не шкадуе», — кажа крыніца пра Кацярыну Андрэеву.

Палітзняволенай дазволеныя спатканні і перадачы. Знаёмыя Кацярыны Андрэевай мяркуюць, што да іх віншаванняў з днём народзінаў далучацца сяброўкі, з якімі ёй даводзіцца разам пакутаваць у няволі.

«Больш за ўсё яна любіць, калі дораць эмоцыі, а канкрэтныя рэчы — гэта ўжо другаснае. Калі б так здарылася, што яна раптам выйшла на волю перад сваім 30-годдзем, то, меркавана, адзначала б гэты дзень у прыгожым падарожжы, на беразе мора. І родныя былі б побач з ёй», — кажа крыніца пра палітзняволеную Кацярыну Андрэеву і нагадвае яе словы, перададзеныя раней з калоніі: «Трэба сціснуць зубы, зберагчы сябе і дачакацца вызвалення».

Чытайце таксама:

«Здароўе лепшым не становіцца: зрок, слых, пачалі чапляцца прастуды». Якія навіны з калоніі ад журналісткі Кацярыны Андрэевай

«Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

Справа аб «здрадзе радзімы» гамельчука, які прызнаўся ў працы на КДБ, пралівае святло на новы прысуд Кацярыне Андрэевай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
10
Абуральна
2