Фота: «Вёрстка»

Фота: «Вёрстка»

Сям'я былога ўкраінскага дэпутата Віктара Медзведчука, якога медыя называюць «кумам Уладзіміра Пуціна», пасля яго абмену на вайскоўцаў УСУ атрымала ў эксплуатацыю новую яхту коштам 886 млн расійскіх рублёў (9 млн 627 тысяч даляраў), як высветліла «Вёрстка».

Гаворка ідзе пра хуткасную яхту Pershing 9X, якую вытворца — італьянская Ferretti Group — называе «знішчальнікам». На борце 28-метровага судна ёсць чатыры каюты з васьмю спальнымі месцамі. Усяго яхта можа змясціць да 20 гасцей.

Як вынікае з мытных звестак, судна пад назвай Amore Mio зусім новае: яго спусцілі на ваду ў 2023 годзе. Расійскую мытню яно прайшло 26 ліпеня. Яхта падышла да расійскіх водаў пад сцягам Палау, пры гэтым яе адпраўнікам значыцца кампанія Lavel Fzco з ААЭ.

Атрымальнікам яхты ў Расіі паказана АТ «Рэнесанс». Згодна з аўдытарскім заключэннем ад 24 лютага 2021 года, бенефіцыярны ўладальнік кампаніі — грамадзянка Украіны Аксана Марчанка, жонка Медзведчука.

Фірма аформіла «часовы ўвоз» яхты. Гэтую працэдуру выкарыстоўваюць, калі знаходжанне тавару на мытнай тэрыторыі немэтазгодна на пастаяннай аснове. Да таго ж яна часткова вызваляе дэкларанта ад выплаты мытных плацяжоў.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Медзведчука па падазрэнні ў дзяржздрадзе затрымала СБУ. У верасні 2022 года ён быў выдадзены Расіі ў абмен на палонных байцоў батальёна «Азоў». Цяпер ён жыве ў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
8