Фота: інстаграм personal_tour

Фота: інстаграм personal_tour

Гэты востраў адкрыў Хрыстафор Калумб у жніўні 1498 года, а назваў яго ў гонар інфанты Маргарыты Аўстрыйскай. 

Жэмчуг, якім заўсёды славіўся гэты востраў, стаў прычынай яго хуткай каланізацыі. З тых часоў востраў называюць «Жамчужына Венесуэлы». Але цяпер адна з галоўных крыніц прыбытку — гэта не жэмчуг, а турызм. На востраве пабудавалі шмат гатэляў (у тым ліку і вельмі фешэнебельных). А пляжы з беласнежным пяском расцягнуліся на 315 кіламетраў. Частка з іх ідэальна падыходзіць для аматараў сёрфінгу. Але ўвогуле хвалі бываюць небяспечныя на ўсіх пляжах Маргарыты.

Фота: інстаграм solncetur_ru

Фота: інстаграм solncetur_ru

Хвалі на пляжы — гэта не адзінае, чаго трэба сцерагчыся на востраве. Рэкамендуецца захоўваць грошы, дарагую тэхніку і каштоўнасці ў сейфе гатэля. Ні ў якім разе не пакідаць каштоўнасці без нагляду каля басейна ці на пляжы. А пасля таго як сцямнее, па-за гатэлем лепш не гуляць — як мінімум у адзіноце.

Яшчэ адна стандартная рэкамендацыя — піць толькі бутыляваную ваду, старанна мыць садавіну і гародніну. А пры браніраванні гатэля варта ўдакладніць, ці ёсць у нумарах антымаскітныя сеткі.

У гатэлях вострава звычайна ёсць бясплатны Wi-Fi, а вось на мабільны інтэрнэт лепш не разлічваць — набыццё мясцовай сім-карты часта становіцца сапраўдным квэстам.

Пакуючы чамаданы ў адпачынак трэба не забыцца перахаднік для разеткі, таму што ў Венесуэле сістэма электразабеспячэння ўладкаваная на амерыканскі ўзор (напружанне 110 вольт).

Калі казаць пра славутасці, то на востраве Маргарыта рэкамендуюць наведаць горад Ла-Асунсьён. Паколькі горад пабудавалі ў самым сэрцы вострава, каб ворагу няпроста было яго атакаваць з вады, там захавалася мноства помнікаў каланіяльнай культуры. Там жа можна зайсці ў старую булачную, якая была адкрытая яшчэ ў 1946 годзе — і да гэтага часу гатуе па рэцэптах тых гадоў. А яшчэ можна пасядзець ва ўтульных маленькіх рэстаранчыках, фішка якіх заключаецца ў адсутнасці меню — кухары кожны дзень гатуюць нешта новае.

Самы вялікі горад на ўзбярэжжы — гэта Парламар. Калісьці ён быў невялікай рыбацкай вёсачкай, а цяпер тут жыве каля 30% жыхароў вострава. Гэта і галоўнае месца начных тусовак. Але зноў жа, у начны час тут небяспечна, таму лепш перамяшчацца па горадзе на таксі.

У цэлым, на востраве турыстам не рэкамендуюць карыстацца грамадскім транспартам, бо маршрут рэйсавых аўтобусаў можа мяняцца кожны дзень — неабходна загадзя высвятляць у кіроўцы, як ён сёння паедзе. Пры гэтым большасць мясцовых жыхароў ведае толькі іспанскую мову, размаўляць з імі на англійскай наўрад ці атрымаецца.

У 1943 годзе Парламар атрымаў статус зоны бяспошліннага гандлю, таму шматлікія турысты прыязджаюць сюды на шопінг.

Літаральна за некалькі кіламетраў ад Парламара знаходзіцца горад Пампатар, дзе цікава наведаць крэпасць Castillo de San Carlos Borromeo, пабудаваную ў 1662 годзе.

Яшчэ адзін цікавы горад — гэта Хуан-Грыега. Сюды прыязджаюць паглядзець на пеліканаў, якія на пляжы цягаюць рыбу з рыбацкіх лодак. Славіцца месца і сваімі рыбнымі рэстарацыямі.

На востраве ёсць два нацыянальныя паркі: Лагуна Ла-Рэстынга — гэта мангравыя зараснікі, са стракатымі чародамі фламінга, папугаяў і пеліканаў, і Сэра-эль-Капей — гэта густыя лясы, поўныя малпаў і аленяў.

На расійскіх форумах можна пабачыць, што турысты скардзяцца на тое, што іх банкаўскія карты на востраве Маргарыта не працуюць. Мы спыталі ў беларускіх тураператараў, ці ёсць такія праблемы ў нашых суайчыннікаў, і атрымалі адказ:

— Беларускія карты на востраве працуюць, але трэба мець на ўвазе тое, што карты там у прынцыпе не шмат дзе прымаюць. Таму мы раім турыстам браць з сабой наяўныя — лепш даляры дробнымі купюрамі.

Беларусам прапаноўваюць прамы пералёт з Масквы, які доўжыцца 12—14 гадзін. Трэба адзначыць, што востраў Маргарыта — гэта не вельмі танны варыянт для адпачынку. Напрыклад, адзін з самых бюджэтных тураў для дваіх на адзінаццаць начэй у трохзоркавым гатэлі (са сняданкамі) каштуе каля 2500 даляраў.

Чытайце таксама:

Беларусам прапаноўваюць ляцець загараць зімой у Кітай. Кірунак называюць самым даступным

«Нікому не зычу такога падарожжа»

«Можна было за 200 даляраў зняць вілу з басейнам ля акіяна і жыць, як мільянер». Беларус расказаў пра плюсы і мінусы жыцця на востраве Балі

Клас
6
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?