Прывезены ўкраінскі хлопчык на мінскім чыгуначным вакзале. Фота: БелТА

Прывезены ўкраінскі хлопчык на мінскім чыгуначным вакзале. Фота: БелТА

На мінулым тыдні стала вядома, што 4 кастрычніка ў Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Мінску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных гарадоў Луганскай вобласці.

МЗС Украіны заявіла, што гэтае мерапрыемства мае на мэце «легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў». Кіеў заклікаў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ўстрымацца ад удзелу ў «прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму».

Як піша БЕЛТА, «сёння замежныя дыпламаты прыбылі ў Наваполацк з азнаямленчым візітам. Яны наведаюць месцы пражывання, навучання і аздараўлення дзяцей з Лісічанска і Севераданецка».

«Вельмі шырокі пералік краін — 18 дэлегацый, якія прадстаўляюць найбуйнейшыя краіны свету. Гэта Кітай, Індыя, Сірыя, Пакістан, Катар, краіны СНД, Мазамбік і іншыя», — распавёў старшыня гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў.

Ён дадаў, што дзеці з Лісічанска і Севераданецка прыбылі ў Наваполацк 19 верасня і прабудуць да 6 кастрычніка.

Незаконны вываз з акупаваных тэрыторый украінскіх дзяцей расцэньваецца міжнароднай супольнасцю як ваеннае злачынства. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і расійская амбудсменка па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова за гэта ўжо атрымалі ордары на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Беларускія дэмакратычныя сілы збіраюць матэрыялы для МКС, якія даказваюць дачыненне да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, уключаючы і яго самога.

У рэзалюцыі ад 13 верасня Еўрапарламент заявіў, што дзеянні Лукашэнкі і ягонага рэжыму можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці (дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва) паводле Рымскага статуту, і заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. 

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
11